Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Эўразьвязу да Беларусі – не палітыка, не стратэгія, а інтэнсіўны бег на месцы”


Віталь Цыганкоў, Менск Ці даказваюць апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, што беларуская ўлада не зьбіраецца рабіць ніякіх істотных крокаў насустрач патрабаваньням Эўразьвязу аб дэмакратызацыі? Ці можа Эўразьвяз пайсьці на рэальныя эканамічныя санкцыі? Чым павінна агульная Эўропа паказваць свае зацікаўленасьць у эўрапейскім выбары грамадзянаў Беларусі? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў "Экспэртызе "Свабоды" абмяркоўваюць Уладзімер Навасяд, старшыня аргкамітэту для стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу, што ўваходзіць у Эўрапейскую кааліцыю, і палітоляг Віталь Сіліцкі.

Цыганкоў: “Для пачатку дыялёгу Беларусі з аб''яднанай Эўропай Эўразьвяз павінен скасаваць санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў”. Пра гэта заявіў учора ў Берасьці журналістам Аляксандар Лукашэнка. Усё гэта кардынальна не супадае з пазыцыяй Эўразьвязу, які якраз патрабуе ад Беларусі першых крокаў – вызваленьня палітвязьняў, дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і гэтак далей. Пры такіх розных падыходах як могуць разьвівацца адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?”

“У Беларусі, акрамя тых чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, жыве яшчэ амаль 10 мільёнаў грамадзянаў. Зь імі і трэба пашыраць супрацоўніцтва”.

Навасяд: “Некалькі гадоў назад была прынятая “пакрокавая стратэгія”. Але яна не спрацавала, відавочна, з-за таго, што кожны суб’ект мусіў рабіць нейкі крок наперад адзін аднаму.

Эўрапейскаму Зьвязу на сёньняшні дзень найперш трэба працаваць з грамадзкасьцю, а не зацыклівацца на ранейшых рашэньнях. У Беларусі, акрамя тых чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, жыве яшчэ амаль 10 мільёнаў грамадзянаў. Зь імі і трэба пашыраць супрацоўніцтва”.

Цыганкоў: “Узімку, калі ў афіцыйнага Менску былі вельмі напружаныя адносіны з Масквой, А.Лукашэнка ў часе некалькіх сэнсацыйных інтэрвію зрабіў такія заявы, якія прымусілі некаторых аналітыкаў разглядаць гэта як пэўны флірт з Захадам. Але заявы Лукашэнкі апошніх тыдняў далі падставы сьцьвярджаць, што гэты флірт скончыўся...”

Сіліцкі: “Нават тады Лукашэнка ясна заяўляў, што, хаця “мы і гатовыя да паляпшэньня адносінаў”, Эўразьвяз ставіць “непрымальныя ўмовы”. Хто мог разумець, таму было ўсё ясна. Кіраўнік Беларусі паспрабаваў згуляць на пэўных антырасейскіх настроях у Эўропе, пэўнай заклапочанасьці эўрапейцаў энэргетычнай бясьпекай, каб паспрабаваць выбіць нейкія прывілеі. Але ж штучнасьць гэтых яго манэўраў была празрыстай і відавочнай. Тое, што адбываецца цяпер, ня дзіва, і Лукашэнка паводзіць сябе дастаткова пасьлядоўна”.

“А ці ёсьць санкцыі?”

Цыганкоў: “Лукашэнка ўчора таксама гаварыў пра тыя страты, якія Беларусь пацерпіць ад адмены гандлёвых прэфэрэнцыяў. Ён выказаўся ў тым сэнсе, што грошы гэтыя нязначныя, ня тая сума, з-за якой варта хвалявацца. Ці мусіць Эўропа ўводзіць рэальныя санкцыі, ці гэта найперш пашкодзіць ня ўладам, а звычайным беларусам?”

Навасяд: “Калі гэта будуць толькі эканамічныя санкцыі і ня будзе ніякіх рашэньняў па іншых кірунках, то гэта пойдзе не на карысьць грамадзтву і эўрапейскай будучыні Беларусі.

Варта задумацца – а ці ёсьць гэтыя санкцыі на сёньняшні дзень? Каля 45 прадпрыемстваў даюць сёньня каля 90 працэнтаў валютных паступленьняў у бюджэт. Нідэрлянды, Вялікабрытанія, Нямеччына толькі павялічваюць таваразварот зь Беларусьсю. Пра санкцыі гаварыць не даводзіцца. Калі б яны былі сапраўды ўведзеныя, беларускія грамадзяне адчулі б гэта на другі дзень”.

“У Эўразьвязу да Беларусі – не палітыка, не стратэгія, а інтэнсіўны бег на месцы”.

Цыганкоў: “Сапраўды, беларускі экспарт ў краіны Эўразьвязу дасягнуў 50 працэнтаў. Калі б Захад захацеў ўвесьці рэальныя санкцыі, не купляць, напрыклад, беларускія тавары, гэта азначала б проста крах беларускай эканомікі і сацыяльны выбух. Відавочна, Эўразьвяз гэтага ня хоча рабіць. Віталь, якая стратэгія Эўразьвязу да Беларусі, на вашую думку, была б патрэбная?

Сіліцкі: “Я выкажу такую думку, што для брусэльскіх бюракратаў няма ў Беларусі ніякіх практычных турботаў. Пытаньне бясьпекі, нармальнага гандлю і гэтак далей рэжым Лукашэнкі забясьпечвае, і гэта ім пасуе. Канфлікты ўзьнікаюць толькі каштоўнасныя, і захады чыняцца на ўзроўні рыторыкі.

Тыя ж самыя “санкцыі”, пра якія ўсе гаворыць. Давайце ўжываць правільную тэрміналёгію, бо “выключэньне сыстэмы прэфэрэнцыяў” – гэта ня санкцыі, гэта пазбаўленьне пэўных прывілеяў.

Тое, што робіцца, грае на руку Лукашэнкі. Па-першае, ён атрымлівае вялізарны ідэалягічны козыр. Па-другое, афіцыйная прапаганда разадзьме гэтыя санкцыі нашмат больш, чым яны ёсьць. Па-трэцяе, Эўразьвяз ня робіць ніякіх крокаў, якія паказвалі б салідарнасьць эўрапейцаў зь беларусамі. Бо яны ўводзяць санкцыі і супраць рэжыму, і супраць грамадзтва. Тое ж пагаршэньне візавага рэжыму. Ёсьць рыторыка, што “мы ізалюем Лукашэнку, а не народ” – дык вось якраз народ яны і ізалююць!

Гэта не палітыка, не стратэгія, гэта інтэнсіўны бег на месцы”.

"Крокі салідарнасьці могуць паскорыць зьмены ў Беларусі"

Цыганкоў: “Я ўдакладню – а што б вы ад іх канкрэтна хацелі? Што яны павінны зрабіць? Бясплатныя візы для беларусаў?”

Сіліцкі: “Абсалютна. Яны кажуць: “Мы гэта зробім, калі вы палепшыце сытуацыю з гэтым і гэтым”. Ім даводзіш, што нейкія крокі салідарнасьці могуць паскорыць зьмены ў Беларусі, стаць іх каталізатарам, а яны робяць выгляд, што гэтага не разумеюць. Ірвацца, вылузвацца са скуры, каб нешта зрабіць для Беларусі – такога настрою ў Эўразьвязе няма, і пра гэта трэба шчыра казаць”.

Цыганкоў: “Як будзе гучаць эўрапейскі чыньнік на фоне таго, што набліжаюцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Расеі? Ці будзе Лукашэнка зноў зьвяртацца да эўрапейскай тэматыкі, каб нешта выгандлеваць у Масквы? Якіх зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам можна чакаць у найбліжэйшыя месяцы?”

Навасяд: “Цяпер у Беларусі ідзе спаборніцтва ідэяў, і праэўрапейскі кірунак мае шанцы выйграць. Таму нам вельмі цікава, якую тактыку будзе разьвіваць Эўрапейскі Зьвяз. Улада зацікаўленая ў “статус-кво”, і такое становішча, балянс інтарэсаў, які сышоўся на Беларусі, падыходзіць і для Масквы, і для Эўразьвязу.

Нагадаю, дарэчы, што ў 1995 годзе, калі зь Беларусі выводзілі ядзерную зброю, было падпісана пагадненьне паміж ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй, дзе гэтыя дзяржавы абавязаліся ўстрымацца ад ціску, у тым ліку эканамічнага, які можа прывесьці да страты палітычнага сувэрэнітэту Беларусі”.

Цыганкоў: “Уладзімер казаў пра статус-кво, але, напрыклад, Аляксандар Фядута ў адной з нашых перадачаў заявіў, што для Лукашэнкі страшным сном будзе тое, калі Эўропа і Расея дамовяцца пра агульную стратэгію ў адносінах да Беларусі. Ці магчыма гэта?”

Сіліцкі: “Агульная стратэгія сапраўды парушыла б статус-кво, які склаўся ў Беларусі, і для Лукашэнкі гэта стала б вельмі непрыемным фактам. Але давайце будзем рэалістамі, шанцаў на гэта няшмат, – я ня думаю, што расейцы будуць дамаўляцца з эўрапейцамі пра Беларусь.

Хаця дадаць да таго, што казаў Уладзімер пра змаганьне дзьвюх ідэяў. Эўразьвяз проста не паказвае сваёй зацікаўленасьці ў тым, каб у Беларусі перамагла праэўрапейская ідэя. І гэта ёсьць тое статус-кво, утрыманьне якога спрыяе Лукашэнку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG