Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 5 красавіка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага інтэрнэту.

На форумах парталу Tut.by гавораць пра пераможцу Пятага беларускага конкурсу кантэнт-праектаў – аўтара сайту "Гімназіі №1 гораду Бабруйску” Максіма Шнэка, які атрымаў гран-пры. Карыстальнік DemonBest публікуе спасылку на сайт-пераможцу, а сьледам на сайт Ужгарадзкай агульнаадукацыйнай школы. Паміж абодвума праектамі амаль няма розьніцы. “Давядзецца вяртаць гран-пры”, – дадае DemonBest.

Тым часам віншаваньні ў сеціве атрымлівае пісьменьнік з Гомелю Сяргей Балахонаў. Ягоны пэрсанальны сайт заняў другое месца ў намінацыі "Культура". Сяргей Балахонаў – удзельнік “Начной чытанкі”.

У беларускім сеціве абмяркоўваюць допіс карыстальніка сайту блогаў “Жывы журнал” shurigin, які ў сваім дзёньніку распавядае пра першакрасавіцкі жарт у адным зь невялікіх падмаскоўных гарадкоў.

Там была зробленая абвестка пра тое, што нібыта ідзе набор расейцаў у экспэдыцыйны корпус войскаў ЗША ў Іраку. Маўляў, заробак – тысяча даляраў. Пачаліся тэлефанаваньні з сур''ёзнымі пытаньнямі. Дзеля экспэрымэнту аўтар жарту пачаў называць месцам службы Беларусь:

"У мяне пачалі сур''ёзна пытацца: "Калі плянуецца вайна супраць Беларусі?" Я бадзёра адказваў, што ў 2009 годзе. Некалькі чалавек удакладнілі, ці іх накіруюць у якасьці "міратворцаў", ці ў якасьці салдатаў? Калі я сказаў, што "ў якасьці ўзброеных міратворцаў", якія будуць ужываць зброю ў выпадку тэрарыстычных вылазак і супраць бандаў баевікоў", напружаньне сьцішылася".

Адзін з камэнтароў: "Расейцы папросту здымуць Беларусь з датацыі, а празь пяць гадочкаў сапраўды ўвядуць войскі для аховы трубы ад дзікіх галодных ордаў".

На сайце блогаў “Позірк” аўтар Алесь Чайчыц зьвяртае ўвагу на дыпляматычны скандал між Польшчай і Расеяй: "У Асьвенціме была часова зачыненая расейская частка экспазыцыі. Польскі бок не задаволены тым, што ў тэкстах на стэндзе вязьні з былых тэрыторыяў ІІ Рэчы Паспалітай, анэксаваных СССР у 1939 годзе, пазначаліся ў якасьці савецкіх грамадзянаў, а не палякаў. Такім чынам, маўляў, Расея ставіць пад сумнеў акупацыю саветамі польскіх Kresów Wschodnich. Характэрная сытуацыя: спрэчкі і разьбіраньні вакол падзеяў 1939 г. і іх наступстваў вядуцца выключна паміж Польшчай і пераемнікам СССР Расейскай Фэдэрацыяй. Тыя ж краіны, каго гэты канфлікт тычыцца ў самую першую чаргу, хто, уласна, і былі аб’ектам анэксіі – наіўна і па-халопску маўчаць".

Менскі гурт “Carnem Levare” сьпявае песьні вострага сацыяльнага пратэсту і прэзэнтуе сваю творчасьць на сайце “Музычная бібліятэка”.

Песьня “Каўбаса”:

Усё насельнiцтва жрэ каўбасу Мясам натоўпу сьмярдзiць за вярсту Я добры, гуманны, ружовы, разумны – Ня я зь сьвiнкi зрабiў халадзец!

Забiваюць бездапаможных кiтоў Дзецi ў падвалах душаць катоў Увогуле дзеткi песьцяць жывёл Яны добра ведаюць кароўчын канец

Дзецi кiдаюць камянi ў жабракоў Хутка вырастуць яны ў мiнакоў Паглядзiце на зубы дзяцей – Дзецi таксама жаруць каўбасу!

А вы паспрабуйце спынiць працэс Пераўтварэньня дзяцей у шэры абсцэс Ён заўтра ўжо прыйдзе з партфэлем I вас з кватэры выкiне прэч!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG