Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: грамадзкія актывісты пазвалі да адказнасьці супрацоўнікаў ДАІ


Радыё Свабода, Магілёў Сёньня ў Магілёве пачаліся судовыя слуханьні з пазову грамадзкіх актывістаў Юр’я Дарашэнкі, Аляксея Паўлоўскага, Аляксандра Каралёва і Ірыны Качаровай супраць інспэктараў Магілёўскай дзяржаўнай аўтаінспэкцыі.

Пазоўнікі вінавацяць міліцыянтаў у спробе сарваць іхны візыт на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі. Дзеяньні міліцыянтаў расцэненыя актывістамі як парушэньне іхных канстытуцыйных правоў.

Сёньня суд заслухаў тлумачэньні бакоў і паказаньні сьведкаў з боку пазоўнікаў. Пасьля першага дня судовых слуханьняў грамадзкія актывісты і іхныя апанэнты не зьмянілі сваіх пазыцыяў. Заўтра судовыя слуханьні працягнуцца.

На сёньняшнім судовым паседжаньні грамадзкія актывісты выказалі намер адклікаць абвінавачаньні, калі міліцыянты выбачацца за свае дзеяньні. Прадстаўніца гарадзкой ДАІ Тацяна Мартынава гэтую прапанову адкінула, зазначыўшы пры гэтым, што міліцыянты не парушалі заканадаўства, а іхныя дзеяньні былі правамернымі. У пацьверджаньне яна агучыла вынікі двух праверак – аддзелу ўласнай бясьпекі ДАІ і абласной пракуратуры.

Чацьвёра грамадзкіх актывістаў 16 сьнежня мелі намер выехаць празь Менск у Чарнігаў. За дзесяць кілямэтраў ад Бялынічаў маршрутку, якой ехалі актывісты, спыніў супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Стальмакоў і, спаслаўшыся на несапраўднасьць дакумэнтаў кіроўцы, загадаў яму разам з пасажырамі вярнуцца ў Магілёў.

У Магілёве пры спробе выйсьці з маршруткі ўсіх чатырох актывістаў гвалтам даставілі ва ўправу ўнутраных справаў Магілёўскага раёну, дзе пратрымалі дзьве гадзіны. Усе чацьвёра вымушаныя былі даганяць цягнік на Чарнігаў прыгарадным дызэлем.
XS
SM
MD
LG