Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка палітычнага крызісу ва Ўкраіне: 5 красавіка


Юры Дракахруст, Прага Палітычны крызыс ва Ўкраіне працягвае абвастрацца. Сёньня пад старшынствам прэзыдэнта Юшчанкі прайшло пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. Прэм’ер-міністар Віктар Януковіч запрасіў ў якасьці пасярэдніка ва ўкраінскім крызісе канцлера Аўстрыі.

На пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны прэзыдэнт Юшчанка заявіў, што не скасуе свой указ аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах. Зьвяртаючыся да прэм’ер-міністра Віктара Януковіча, які таксама ўваходзіць у склад Рады, Юшчанка сказаў:



“Закон Украіны не дае нікому права не выконваць гэты ўказ. Калі ласка, зьвяртайцеся ў Канстытуцыйны суд, фармуйце тыя рашэньні ў межах прававога поля, якія лічыце патрэбнымі, але я ніколі не пайду на кампраміс, каб указ не выконваўся”.

Прэзыдэнт запатрабаваў, каб урад забясьпечыў фінансаваньне датэрміновых выбараў, ён нагадаў, што невыкананьне ягонага ўказу цягне за сабой крымінальную адказнасьць. Пасьля выступу прэзыдэнта прэм’ер заявіў, што трэба дачакацца рашэньня Канстытуцыйнага суду, а толькі пасьля прымаць якія б то ні было дзеяньні. Януковіч пакінуў пасяджэньне Рады нацбясьпекі да яго завяршэньня. Рада нацбясьпекі на сваім пасяджэньні абавязала ўрад да 7 красавіка прафінансаваць правядзеньне датэрміновых выбараў.

Варта прыгадаць, што 2 красавіка Вярхоўная Рада забараніла ўраду выдзяляць грошы на датэрміновыя выбары. 3 красавіка парлямэнт забараніў Нацыянальнаму банку выдзяляць грошы на выбарчую кампанію.

Віктар Януковіч правёў сёньня прэсавую канфэрэнцыю, на якой паўтарыў сваю ранейшую пазыцыю адносна выкананьня прэзыдэнцкага ўказу, паводле яго пытаньне пра датэрміновыя выбары трэба зьняць з парадку дня, хаця б да вэрдыкту Канстытуцыйнага суду. На пытаньне, ці будзе ўрад фінансаваць датэрміновыя выбары, Януковіч адказаў:



“Гэта немагчыма. Я неаднойчы адказваў на гэтае пытаньне. Гэта немагчыма зрабіць у межах заканадаўства”.

Кіраўнік ўраду таксама нечакана выказаўся за міжнароднае пасярэдніцтва ў канфлікце:

“Сёньня я зьвярнуўся да фэдэральнага канцлера Аўстрыйскай рэспублікі Альфрэда Гузэнбаўэра з просьбай аб пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфліктнай сытуацыі, што склалася ва Ўкраіне. Аўcтрыя вядомая як нэўтральная дэмакратычная дзяржава са сталымі прававымі традыцыямі”.

Кааліцыя прапануе дачакацца рашэньня Канстытуцыйнага суду. Але яго давядзецца чакаць даволі доўгі час, мяркуе былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, дарадца прэзыдэнта ў прававых пытаньнях Володымір Шапавал:

“Зыходзячы з досьведу, я думаю, што гэта ня менш як 2 месяцы. Калі гэта будзе значна прыскорана, то значыць там працуюць героі Украіны”.

Між тым прэзыдэнцкі ўказ прадугледжвае правядзеньне выбараў да 27 траўня.

Сёньня Віктар Юшчанка ў інтэрвію брытанскай “Gardian” заявіў, што палітыка Віктара Януковіча можа прывесьці да выбуху гвалту і паўтарэньня ў Кіеве падзеяў, якія адбываліся у Маскве ў кастрычніку 1993 году, калі канфлікт паміж галінамі ўлады перарос ва ўзброенае сутыкненьне.

У сваю чаргу Віктар Януковіч падчас тэлефоннай размовы з Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Хаўерам Саланам заявіў, што цалкам выключае магчымасьць сілавога вырашэньня палітычнага крызысу ў краіне.

Сёньня ж былы старшыня суду Пячэрскага раёну Кіева, звольнены ў свой час прэзыдэнтам, адабраў у сакратаркі суду пячатку, зьбіўшы яе. Былога судзьдзю суправаджаў былы старшыня Цэнтрвыбаркаму, дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Ківалаў, які пагражаў дзейным судзьдзям Пячэрскага суду звальненьнем. Гэты суд адмяніў пастанову Вярхоўнай Рады наконт скасаваньня ўказа прэзыдэнта аб датэрміновых выбарах.

Гл.таксама: Украінскі палітычны крызіс (фотарэпартаж "Свабоды")
XS
SM
MD
LG