Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карэспандэнтка Радыё Свабода загінула ў Багдадзе


Тацяна Поклад, Прага Радыё- і тэлежурналістка Хамайль Халяф працавала для ірацкай службы радыё “Свабода” – радыё “Свабодны Ірак”. Яна рабіла рэпартажы і перадавала інфармацыю для радыё “Свабодны Ірак” ад 2004 году.

Сёньня раніцай яе цела было знойдзенае ў сталіцы Іраку Багдадзе. На працягу двух апошніх дзён Хамайль Халяф лічылася зьніклай: былі падставы меркаваць, што журналістка забраная ў закладнікі.

Прэзыдэнт радыё “Свабода” Джэф Гедмін сказаў сёньня – пасьля таго як прыйшла вестка пра сьмерць Хамайль Халяф:

“Яна была таленавітай журналісткай з досьведам тэлевізійнай працы. Яна рызыкавала сваім жыцьцём, каб паведаміць навіны, каб данесьці інфармацыю да людзей Іраку. І я ведаю, што гэта датычыць усіх нас на радыё “Свабода” і многіх нашых калегаў ува ўсім сьвеце, – нашыя думкі і малітвы цяпер з Хамайль Халяф і яе сям’ёю”.

У Хамайль Халяф засталіся трое дзяцей.

На цяперашні момант працягваецца пошук інфармацыі пра абставіны сьмерці карэспандэнткі радыё “Свабодны Ірак”.

Хамайль Халяф будзе пахаваная на радзіме, і ў Празе таксама адбудзецца жалобная цырымонія.

Паўгоду таму загінула яшчэ адна карэспандэнтка радыё “Свабода” – Агулсапар Мурадава з Туркмэністану. 58-гадовая журналістка і праваабаронца была арыштаваная туркмэнскімі ўладамі 18 чэрвеня 2006 году, а 14 верасьня супрацоўнікі нацыянальнай бясьпекі паведамілі дзецям Мурадавай пра яе сьмерць. Калі сваякі разам з замежным дыпляматам дамагліся дазволу пабачыць цела Агулсапар Мурадавай, яны паведамілі, што бачылі ў нябожчыцы вялікую рану на лбе і гузы на шыі. Туркмэнскія і замежныя праваабаронцы заявілі, што гэта было палітычнае забойства журналісткі радыё “Свабода”.
XS
SM
MD
LG