Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнт Украіны добра зрабіў, я хачу яму падзякаваць, што распусьціў парлямэнт, бо там у парлямэнце былі ўсе расейцы”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 5 красавіка, чацьвер: 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Анастас Семяновіч: “Таварышы лукашысты, Вы зноў вырашылі судзіць нашага героя Беларусі Андрэя Клімава за тое, што ён абразіў Лукашэнку. Я дадзены нататак прачытаў і ня бачу нічога дрэннага. Ніякай абразы там няма. Пытаньне да Вас, лукашысты. Да якога часу Вы будзеце зьдзекавацца зь вельмі прыстойнага, сумленнага спадара Андрэя Клімава? Прыйдзе час, калі Вам самім выпадзе адказваць перад народным судом. Ці Вы думаеце, што Расея будзе хаваць? Што Вы адкажаце сваім дзецям і ўнукам, калі Вашы прозьвішчы будуць апублікаваныя ва ўсіх газэтах? Жыве Беларусь!”

Уладзімер, Полацак: “Вось і прайшоў год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Ці апошні гэта тэрмін Аляксандра Лукашэнкі? Я вельмі ў гэтым сумняваюся. Пасьля заканчэньня гэтага тэрміну ён наўрад ці добраахвотна сыдзе. Каб застацца пры ўладзе, ён яшчэ што-небудзь выдумае. Мусіць яшчэ па савецкай звычцы ён лічыць сябе адзіным і незаменным. Ну чым ён не Генсек КПСС? Яны сябе таксама такімі лічылі”.

Спадарыня: “Я хачу некалькі словаў сказаць пра Юшчанку. Прэзыдэнт Украіны добра зрабіў, малайчына. Я хачу яму падзякаваць, што распусьціў парлямэнт. Януковіч, я казала адразу, расейскі. І там у парлямэнце былі ўсе расейцы. І добра, што ён яго распусьціў. Ён, калі распускаў, казаў, што дэмакратычнай Украіны ня будзе пры гэтым парлямэнце. Гэта вельмі добра. І хацелася б папрасіць. Вось Юлія Цімашэнка некалькі разоў была прэм’ерам, яна павінна і вярнуцца. Ну, відаць жа, што чалавек разумны, што хоча вывесьці Ўкраіну на чыстую ваду, каб дэмакратычнай была Ўкраіна. Яе трэба вярнуць назад”.

Віктар, Менск: “Зьдзіўляе апазыцыя. Ці маюць гэтыя апазыцыянэры свае меркаваньні, погляды і гэтак далей? Ужо і Лукашэнка – нацыяналіст. Дык падаруйце яму Крыж Героя! Толькі зробіць вораг крок да апазыцыі, і ўжо сябра на ўсё жыцьцё. Падтрымалі Шушкевіча, затым Грыба, потым Лукашэнку, Захаранка і гэтак далей. А яны ўсе працавалі ў КПСС, на кіруючых пасадах, калі пры ўладзе былі бальшавікі. А бальшавікі з дапамогай карных органаў і КДБ вельмі грунтоўна правяралі, падбіралі кадры. Выпадковых людзей у іх кадрах не было. Калі Вы, апазыцыянэры, падрыхтуеце сваю зьмену і старыя выйдуць на пэнсію, на печ? Вы і так зь 50 тысяч у 90-м годзе ўжо зьбіраеце 500, а тое і 100 чалавек. Зрабіце высновы, старыя!”

Ніна Армалінская, Салігорск: “Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў павысілі заробкі. А за што? За тое, што паслухмяна выконваюць усе дэкрэты Лукашэнкі? Шахцёр, які ўвесь час працуе пад зямлёй, і тое не атрымлівае такіх вялікіх грошай. А хто павысіць заробкі мэдычным работнікам, рабочым, калгасьнікам, пэнсіі пэнсіянэрам?”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Пасьля той сьпітай моладзі, якую мы бачым на вуліцах Менску, паслухаць галасы маладафронтаўцаў у Вашым эфіры гэта як бальзам на сэрца. Яны выбралі гэты шлях самі па закліку свайго сэрца. Гавораць шчыра, адкрыта. На сваёй роднай мове. Я ганаруся гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі. У гэты цяжкі час, калі ўлады не даюць беларусам нават дыхнуць свабодна, гэтая моладзь паказвае ўсяму сьвету, што Беларусь жывая, што ёсьць людзі, якія любяць сваю Радзіму, сваю мову, якіх не палохаюць ні чорныя зграі, ні краты. Трымайцеся, нашы родныя! Мы заўсёды з Вамі. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Крыху пра сытуацыю на Ўкраіне трошкі. Януковіч – гэта зацяты і пасьлядоўны праваднік расейскай імпэрскай палітыкі ва Ўкраіне. Што так не сядзіцца расейцам? Што так упарта ўмешваюцца ў лёс суседніх краінаў? Умешваюцца ня тое слова. І ня толькі Ўкраіны. Што Расеі не хапае сваіх праблемаў? Хто ехаў па яе вялікіх прасторах, хто быў у яе гарадах і вёсках, ведае, што праблемаў ой як многа і яны цяжка вырашальныя. Відаць, імпэрскасьць вякамі нажытая, расейскі хваравіты гонар – зьява цяжкая і не адступае. Нават дыктары Цэнтральнага расейскага тэлебачаньня ня могуць зусім схаваць радасьць ці, лепш сказаць, іронію, калі паведамляюць пра супрацьстаяньне ва Ўкраіне. Можа, такія януковічы рыхтуюцца і ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG