Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыльскі шлях” плянуюць ад плошчы Коласа да Нацыянальнай бібліятэкі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску пад старшынствам члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафэсара Івана Нікітчанкі адбываецца паседжаньне грамадзкага аргкамітэту ў справе падрыхтоўкі да адзначэньня 21-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. Як паведаміў старшыня аргкамітэту, асноўнай падзеяй стане правядзеньне 26 красавіка ў сталіцы “Чарнобыльскага шляху”.

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” ўжо накіравалі ў Менскі гарвыканкам адпаведную заяўку. Яны просяць дазволіць правесьці шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да Нацыянальнай бібліятэкі. Такі маршрут абіраецца ўпершыню, бо цягам апошніх гадоў улады давалі дазвол на шэсьце толькі ў кірунку парку Дружбы народаў, што на плошчы Бангалор. Спадар Нікітчанка так тлумачыць жаданьне прайсьці да Нацыянальнай бібліятэкі:

«Там народу больш. Ды й наагул фармат неяк трэба ўжо зьмяніць».

Пакуль адказу ад сталічных уладаў на гэтую заяўку няма.

Навуковец Нікітчанка гаворыць: «Чарнобыльскі шлях» -- гэта чарговая спроба нагадаць усім, што наступствы трагедыі моцна адбіваюцца на здароўі нацыі:

«Ужо ж няма паўмільёна беларусаў. Штогод мы страчваем 40–50 тысяч жыхароў. І далей будзе так. Экспэрты ААН (а яны зазвычай даюць праўдзівыя прагнозы) папярэджваюць, што да 2020 году ня стане мільёна беларусаў. А калі дзяржава й надалей нічога ня будзе рабіць, дык наагул да 2050 году можа застацца 6,5 – 6,8 мільёна душ. Куды ж падзецца? Законы біялёгіі ёсьць законамі».

Валянціна Палевікова, якая працуе ў аргкамітэце ад Аб''яднанай грамадзянскай партыі, гаворыць, што гэта ёсьць для яе ня толькі партыйным даручэньнем, але й асабістай справай:

«Для мяне гэта вельмі трагічная падзея. Так здарылася, што 27 красавіка 1986 году я са сваім старэйшым сынам накіравалася ў Брагін, да нашых сваякоў. Ніякай інфармацыі пра трагедыю не было. І мы апынуліся там пасьля радыяактыўнага дажджу. Я літаральна адчувала нейкі электрычны прысмак гэтай трагедыі. У мяне, на шчасьце, хапіла розуму вярнуцца ў Менск. Гэта было 1 траўня. Мы ехалі аўтобусам і бачылі, як у Брагіне, у Хойніках, у Рэчыцы на сьвята зьбіралі людзей з транспарантамі, кветкамі, шарамі. І яны ішлі, сьвяткавалі Дзень салідарнасьці працоўных». Аргкамітэт быў створаны 29 сакавіка. У яго склад увайшлі прадстаўнікі партыі БНФ, АГП, ПКБ, сацыял-дэмакратаў, а таксама некаторых грамадзкіх арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG