Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: “Ці сочыце вы за падзеямі ў Кіеве й ці турбуе вас гэта?”


Міхал Карневіч, Горадня Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў панядзелак падпісаў Указ аб роспуску Вярхоўнай Рады і правядзеньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў. Урад і парлямэнт не прызналі гэтага Ўказу, што выклікала востры палітычны крызыс. Наш карэспандэнт у Горадні пытаўся ў мінакоў на вуліцах, ці турбуюць іх падзеі ў Кіеве.

Дзяўчына: “Я сказала б, што мяне больш хвалююць падзеі ў маёй роднай краіне. А што датычыць Кіева, хвалююць мяне гэтыя падзеі, але я ня вельмі за імі сачу. Таму мне цяжка нешта пра гэта казаць”.

Спадар: “Здаецца, сытуацыя там складаецца ня вельмі прыемная. Дэпутаты павялі сябе некарэктна. Юшчанку, з аднаго боку, можна зразумець, але каб ён не нашкодзіў, як кажуць, сваёй “жалезнай воляй”.

Карэспандэнт: “Падзеі ў Кіеве вас турбуюць?”

Спадар: “Вядома, што турбуюць. Гэта ж адбываецца ў нашых суседзяў, а мы тут побач”.

Спадар: “Цяжка зразумець, што там адбываецца. Але мне здаецца, што гэта звычайная барацьба за ўладу. І хто б ні перамог у гэтай барацьбе, народу ад таго жыць лягчэй ня стане. Зрэшты, як паўсюль...”

Хлопец: “Папраўдзе кажучы, нічога ня ведаю”.

Спадар: “А мне ўсё роўна, што там адбываецца...”

Спадарыня: “Вельмі хвалююць падзеі ў Кіеве, бо мне трэба туды вяртацца. Трэба ж неяк туды праехаць і там жыць. Але, думаю, страшна ня будзе: мы ўжо да такога прызвычаены”.

Спадарыня: “Сачу за ўсім гэтым і вельмі абураюся: як так можна ставіцца да свайго народу?..”

Спадар: “Турбуюць падзеі кіеўскія. Вельмі складаная ў іх там сытуацыя. І, здаецца, няма пакуль канкрэтнага выйсьця. Будзем спадзявацца, што з дапамогай грамадзкасьці нейкае рашэньне ўсё ж знойдуць”.

Спадар: “Думаю, вельмі ім цяпер складана. І наўрад ці абыдзецца без сутыкненьняў. Мая думка такая...”

Спадар: “Што мне да таго Кіева? Я ж – у Беларусі жыву. Нам бы ў Беларусі разабрацца, а ня з тым Кіевам...”.

Спадар: “Канечне, турбуюць мяне падзеі ў Кіеве. Я ведаю ў агульным, што там адбываецца. Думаю, усё павінна скончыцца нармальна. Народ адумаецца й ня будзе рабіць ніякае смуты”.

Спадар: “Хвалююць і мяне гэтыя падзеі. Бо, так ці інакш, яны будуць адбівацца на Беларусі. Сёньня, да прыкладу, я прачытаў, што Юшчанка раіўся з прэзыдэнтам Літвы Адамкусам. І абодва яны прыйшлі да высновы, што крызыс мусіць быць вырашаны толькі дэмакратычным шляхам. І яны здолеюць гэта зрабіць, раз ужо сёньня было паведамленьне, што Януковіч пагадзіўся на датэрміновыя выбары”.
XS
SM
MD
LG