Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчаваньне дзяцей не адпавядае ўстаноўленым нормам


Радыё Свабода Камітэт дзяржаўнага кантролю праверыў летась працу 220 дашкольных установаў Беларусі. У кожным з іх выяўлены парушэньні: харчаваньне дзяцей не адпавядае ўстаноўленым нормам.

Дзеці ў Беларусі атрымоўваюць недастаткова прадуктаў з высокай біялягічнай каштоўнасьцю, якія спрыяюць росту і разьвіцьцю дзіцяці. Напрыклад, за 2006 год – студзень 2007 у дашкольных установах Ленінскага раёну Магілёва нормы харчаваньня па мясу былі выкананы на 58%, рыбе - на 79%, малаку і сыру - на 45%, садавіне - на 21%, соках - на 34%. У той жа час дзяцей кармілі макаронамі і крупамі з перавышэньнем нормаў - адпаведна на 186% і 109% ад нормы. У кожнай пятай дашкольнай установе Ленінскага раёну Магілёва не праводзілася С-вітамінізаваньне страваў.

Так, у дашкольных установах Бярозаўскага раёну ўзімку дзецям не давалі салатаў са сьвежай гародніны, напар з шыпшыны, сьвежыя гародніну і садавіну, ёгурты. Меліся факты прыпісак у справаздачах аб выкананьні нормаў харчаваньня.

Адпаведна пастанове ўраду харчаваньне дзяцей у дашкольных установах часткова (да 40 працэнтаў) фінансуецца зь бюджэту.

Таксама ў бальшыні правераных дашкольных установаў выкарыстоўваўся эмаляваны посуд са шматлікімі сколамі пакрыцьця, а таксама кухонныя донцы з расколінамі. У асобных установах забясьпечанасьць сталовым посудам і прыборамі складае 40-86%.
XS
SM
MD
LG