Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія таленты ў Масковіі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык, драматург Алесь Петрашкевіч Эфір 5 красавіка 2007 году.

Цар Масковіі Фёдар Іаанавіч, сын Івана Жахлівага, наведаў людвісарскі прыказ-майстэрню, дзе адлівалі зброю. Глянуў на вырабы, паморшчыўся і зычна запытаўся:

-- Хто можа адліць гармату, каб ядро было прынамсі з маю царскую галаву, а лепей – яшчэ большае?

Цар быў сапраўды галавасты, але розум, як казалі, не адпавядаў памерам ягонай галавы. Усе прыціхлі – цар ёсьць цар.

-- Ну?! –ён яшчэ раз акінуў усіх пагрозьлівым позіркам.

-- Я магу адліць, ваша царская вялікасьць! – раптам сьмела адгукнуўся ліцьвін Антон Чохаў, якога немаведама як занесла ў Масковію і тую збройню.

І сапраўды праз пэўны час ён адліў гармату з жэрлам, шырэйшым за аршын. А ў дадатак абчасаў каменнае ядро вагай больш за 50 пудоў.

Цар Фёдар своечасова памёр, напэўна, каб не пабачыць, як з гарматы-дурышчы жахнуць, бо яе разарвала на дробныя часьцінкі. Своечасова уцёк на радзіму ў Літву (Беларусь) Антон Чохаў. Інакш не знасіў бы сваёй галавы.

А што ж гармата? А яна, праваляўшыся на крамлёўскіх задворках аж 250 гадоў, раптам была прызнаная цудам ліцейнага майстэрства. І ўвекавечыла гэтак званага расейскага генія, названага Антонам Чэхавым.

Дзіва-гармата, зь якой ніколі не стралялі, стаіць на крамлёўскім двары ў Маскве побач са званом, зь якога ніхто ніколі не званіў.


Вячаслаў Ракіцкі: “Зразумела, што расейскія цары былі самадурамі. А ці разумеў беларускі майстар, што гармата, якую ён адліваў, ня зможа стрэліць?”

Алесь Петрашкевіч: “Думаю, што так. І ён, як кажуць, адліў кулю. Ён ведаў, што яна ня стрэліць, але й ведаў, што расейскаму цару нельга пярэчыць”.

Ракіцкі: “Ня стрэліла гэта гармата, але пасьля была прызнаная сапраўдным творам мастацтва. Асабліва не задумваючыся, скажыце, спадар Петрашкевіч, колькі такіх мастакоў, майстроў беларускага паходжаньня, што праславіліся ў Масковіі, вы маглі б назваць?”

Петрашкевіч: “Іх тысячы. Тыя палоны, якія выводзілі маскоўцы з нашай тэрыторыі, былі ня проста так: каго заграблі, таго і павезьлі, хоць і такое было. Але ў першую чаргу адбіралі людзей масьцеравых. Гэта былі кафляры, спэцыялісты па мэталю, разьбяры. А як бы інакш у Маскве зьявілася царскае гняздо Каломенскае, пабудаванае выключна палоннымі зь Беларусі? Самі яны там яшчэ ня ўмелі, а мы ў сябе дома, бліжэй да Эўропы, у Княстве Літоўскім ужо многа маглі і многа рабілі”.

Ракіцкі: “Вы хочаце сказаць, што ці не спрадвеку Масква палявала за мазгамі ў суседніх краінах? Якім чынам гэта адбывалася? Як і чаму таленавітыя беларусы траплялі, прыкладам, у тую ж Масковію?”

Петрашкевіч: “За розумам заўсёды ганяліся, і розум заўсёды быў у цане. Найперш, гэта – палоны. Зь літаратуры, з дакумэнтаў вядома, што ў захопах яшчэ ў часы вайны Аляксея Міхайлавіча супраць ВКЛ за палоннага давалі ня болей як рублёўку. Але цана вельмі ўзрастала, калі гэта быў майстра. Вельмі на Маскве цанілася беларуская разьба па дрэве. Прыкладам – іканастас Смаленскага сабору. Гэта – шэдэўр, гэта ж цуд сьвету. Таксама можна назваць нашых кафляроў з Амсьціслава, Быхава. Шмат у Маскве працавала спэцыялістаў па золату, срэбру”.

Ракіцкі: “Гэта ўсё добра цанілася ў Масковіі. Там, у Масковіі, напэўна, гэтым майстрам стваралі лепшыя ўмовы? Там, напэўна, лягчэй было выявіць свой талент? А таму самі беларускія таленты таксама ўцякалі за мяжу?”

Петрашкевіч: “За высокае майстэрства там добра плацілі. Але ўсё ж яны былі людзьмі паднявольнымі. Возьмем Сімяёна Полацкага, які быў чалавекам высокай адукацыі. Гэта быў паэт, драматург, сьвятар, трыбун. Яго ўгледзелі і зманілі ў Маскву. І ён стаў выхавацелем царскай сям’і Аляксея Міхайлавіча. Сімяён Полацкі – адзін са стваральнікаў лаціна-грэцкай акадэміі ў Маскве. Ён жа – стваральнік першага маскоўскага тэатру ў Маскве, які, дарэчы, быў спалены. Там і скамарохаў маглі тапіць, і актораў паліць”.

Ракіцкі: “Маглі паліць, але ж і стваралі для іх лепшыя ўмовы. Чаму там маглі, калі былі зацікаўленыя, ствараць лепшыя ўмовы для прышлых, а ў Вялікім Княстве Літоўскім – ня вельмі?”

Петрашкевіч: “Гэта, гледзячы ў якія часы. Калі Княства Літоўскае было магутнае, і цар расейскі Аляксей Міхайлавіч яму не зламаў хрыбет, гэта была дзяржава, у якой кожны магнат лічыў за гонар і абавязак мець у сваім замку ці сваім палацы тэатар. Гэта была краіна тэатраў, архітэктуры, замкаў”.

Ракіцкі: “Дык чаму тады таленты зьяжджалі?”

Петрашкевіч: “Зьяжджалі ўжо тады, калі Княства стала “Северо-Западным краем”. Тады ўжо не было іншага выйсьця. Зьехаць у Францыю ці Нямеччыну, зь якімі раней былі шчыльныя стасункі, было за расейскімі ўладамі складана. Адзіным шляхам быў шлях у Маскву. Але нашы дзецюкі не прамінулі магчымасьці трапіць у Пецярбурскі ці Маскоўскі ўнівэрсытэты. Той жа Кастусь Каліноўскі вучыўся ў Пецярбургу, або Грынявіцкі, які кіне бомбу цару пад ногі. Такіх людзей былі дзесяткі, сотні”.

Ракіцкі: “Ці ўсьведамляюць самі расейцы, што вельмі многія здабыткі іхняй культуры створаныя прадстаўнікамі іншых народаў? Каго з выбітных ліцьвінаў (беларусаў) там сапраўды лічаць беларусамі?”

Петрашкевіч: “Ведаюць там шмат беларусаў, толькі амаль нікога не называлі, не называюць і наўрад ці назавуць імі -- людзей беларускага паходжаньня тыпу Дастаеўскага, Твардоўскага, Грына, Грыбаедава. А кампазытараў Глінку, Мусарскага, скульптараў Канёнкава, Мікешына, паэта Еўтушэнку, актора Высоцкага?!.”

Ракіцкі: “І ўсе яны ў расейскіх энцыкляпедыях расейцы?”

Петрашкевіч: “Абавязкова. Пра беларусаў і іхнюю інтэлектуальную годнасьць за трыста гадоў, відаць, сказалі толькі двое. Герцэн нам паспачуваў як каляніяльнай краіне, а Пісараў (дарэчы, таксама беларус паводле нацыянальнасьці) хоць у літаратуры, але заступіўся за беларусаў”.

Ракіцкі: “Але ж і сёньня ў Расеі ёсьць людзі, якія з павагай ставяцца да здабыткаў беларускай культуры, улучна са зробленай у іншых краінах”.

Петрашкевіч: “Разумныя людзі заўсёды застаюцца разумнымі. Мы можам ганарыцца тымі ж Канстанцінам Баравым ці Валерыяй Навадворскай ды шэрагам іншых. Але ж і яны беларускага паходжаньня”.

Ракіцкі: “А ўвогуле, спадар Петрашкевіч, беларусы больш экспартавалі ці імпартавалі сваіх геніяў? І чаму?”

Петрашкевіч: “Мы больш экспартавалі. Але гэта не зусім так. Ня тое, што мы экспартавалі, а нашых геніяў вывозілі, выманьвалі, русыфікавалі. Была забароненая мова. А ў выніку мы згубілі геніяльнага паэта Адама Міцкевіча. Ня маем у сьпісе беларускіх пісьменьнікаў Дастаеўскага”.

Ракіцкі: “А ці мог бы адбыцца ў Беларусі Дастаеўскі як вялікі пісьменьнік?”

Петрашкевіч: “Я думаю, што Дастаеўскі адбыўся як геніяльны пісьменьнік ужо пасьля таго, як над ім зламалі шпагу і празь некалькі хвілінаў ён павінен быў быць пакараны сьмерцю, а пасьля быў памілаваны і сасланы на катаргу. Гэта яго зрабіла расейскім геніем. Мы не згубілі б наш геній, калі б мы не згубілі нашу дзяржаву”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б усе гэтыя геніі, а іх тысячы, адбыліся б тут, на роднай беларускай зямлі? Што было б з гэтай зямлёй?”

Петрашкевіч: “Наша зямля была б якраз у ровень з Францыяй у культурных адносінах – вядомай высокаразьвітай краінай. Мы адбыліся б як дзяржава. Без інтэлекту, без высокай культуры дзяржава ня можа адбыцца. Адбылася б дзяржава, адбылося б і ўсё астатняе. Згубіўшы таленты – мы згубілі дзяржаву”.

У пару цара Івана Жахлівага ліцьвін Іван Хведаровіч, названы ў Масковіі Фёдаравым, спачатку папрацаваў у крамлёўскай ліцейні зброі, а пасьля распачаў друкарства кніг. Адначасна прыдумаў шматзарадную баявую марціру і гармату-гаўбіцу, здольную разбураць тоўстыя муры. Адліць іх у Маскве на пасьпеў, бо давялося ратавацца ўцёкамі ад цара-дэспата. На радзіме ў Заблудаве яго прытуліў князь Рыгор Хадкевіч ды стварыў друкару ўмовы, пры якіх той выдаў чатыры кнігі. А ў князя Канстанціна Астроскага Хведаровіч адліў і марціру, і гаўбіцу ды прадаў іх курфюрсту Саксонскаму.
XS
SM
MD
LG