Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаліся моладзевыя акцыі супраць будаўніцтва АЭС<b/>


Альгерд Невяроўскі, Радыё Свабода Арганізатарам акцый выступіла незарэгістраваная моладзевая ініцыятыва “Новы шлях”. Моладзь выступае супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі і патрабуе шырокага грамадзкага абмеркаваньня гэтай праблемы. На знак пратэсту ўдзельнікі першай акцыі прайшлі сёньня з завязанымі ратамі ад будынку Акадэміі навук да плошчы Перамогі.

Сёньня раніцай дзевяць актывістаў моладзевай грамадзкай ініцыятывы “Новы шлях” сабраліся на пляцоўцы каля галоўнага корпусу Нацыянальнай акадэміі навук. Яны пазавязвалі раты адмысловымі стужкамі са знакамі радыяцыйнай небясьпекі. Гаворыць каардынатар ініцыятывы “Новы шлях” Віталь:

“Акцыя прысьвечана пачатку грамадзкай кампаніі супраць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы лічым, што на гэты момант будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі немагчымае. Па-першае, з улікам нашага эканамічнага становішча, па-другое, зважаючы на якасьць будаўніцтва”.

А вось што сказаў яшчэ адзін удзельнік акцыі “Без АЭС” Андрэй:

“Гэта кампанія грамадзкай ініцыятывы “Новы шлях”. Мы лічым, што павінна быць грамадзкае абмеркаваньне праблемы, зьвязанай з будаўніцтвам АЭС. Насельніцтва перажывае моцную маральную траўму пасьля Чарнобылю. І далёка ня ўсе гэта забылі. Большасьць з гэтым жыве і ад гэтага пакутуе”.

Удзельнікі прайшлі па ходніках праспэкту Незалежнасьці ад Акадэміі навук да плошчы Перамогі. Яны спыняліся каля будынку 1-га гарадзкога шпіталю, а таксама стаялі ланцугом уздоўж праезнай часткі праспэкту.

Да 26 красавіка актывісты “Новага шляху” зьбіраюцца правесьці ў Менску шэраг акцыяў і флэш-мобаў пад агульнай назваю “Без АЭС”. Будуць раздаваць улёткі, інфармаваць насельніцтва пра тое, як улады вядуць падрыхтоўку да будаўніцтва, заклікаць людзей да ўдзелу ў Чарнобыльскім шляху.

Ініцыятыва “Новы шлях” паўстала пасьля мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў і дзейнічае ў рамках грамадзкай кампаніі “За свабоду”.

Рабочы плян будаўніцтва ў Беларусі АЭС быў ухвалены ўрадам і кіраўніцтвам Акадэміі навук у 2006 годзе. А на пачатку 2007 году рашэньне аб будаўніцтве прыняў Аляксандар Лукашэнка. Цяпер вядзецца пошук пляцоўкі пад будоўлю. Распачаць будаўнічыя працы ўлады зьбіраюцца да 2010 году. Прыкладны кошт будаўніцтва складае 2,5—3 мільярды даляраў. Улады цьвердзяць, што ў выпадку рэалізацыі гэтага праекту Беларусь штогод зможа эканоміць да 4 мільярдаў кубічных мэтраў газу, ці 300-400 мільёнаў даляраў. Кошт электраэнэргіі ў такім выпадку можа скараціцца на 20%. Каб распачаць будаўніцтва АЭС, трэба атрымаць згоду МАГАТЭ і міжнароднай супольнасьці. Прадстаўнікі арганізацыі Greenpeace ўжо заявілі, што прыкладуць усе намаганьні, каб не дапусьціць рэалізацыі гэтага праекту.
XS
SM
MD
LG