Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскі раён – лідэр у крадзяжы паліва з нафтаправоду


Вячаслаў Кулік, Менск Чарговую крымінальную справу аб крадзяжы саляркі з нафтаправоду “Дружба” дасьледуе цяпер Крычаўскі раённы аддзел міліцыі. Высьвятляюцца абставіны несанкцыянаванай урэзкі на 130-м кілямэтры трубнай магістралі. Паведамляецца, што на месцы злачынства знойдзеныя замаскаваныя ёмістасьці для збору гаручага.

Супрацоўнік крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС Міхаіл Мяшкура адмовіўся, каб наша зь ім гутарка была запісаная на стужку. Таму ў пераказе спасылаюся на зьвесткі, што апошні крадзеж – трэці ў гэтай мясцовасьці. Папярэдняя група злачынцаў трапіла на лаву падсудных. Сярод іх былі і ахоўнікі нафтаправоду.

Цяпер пошук міліцыі не прыносіць вынікаў. А тутэйшыя жыхары актыўна абмяркоўваюць сваю вэрсію.

“Тут трэба такое абсталяваньне, што беднаму не па кішэні – патрэбен вялікі бензавоз, помпа, яшчэ шмат іншага, а таксама веды спэцыяльныя. Гэты крадзеж – справа хуткабагатых людзей. Яны імкнуцца быць багатымі. Вось і ідуць на такое”, – мяркуе сакратар Касьцюшковіцкага сельсавету Марына Бірукова.

У найбліжэйшай да трубы вёсцы Пушкары ня тое, каб багатых, а нават састарэлых мала. Вуліца не асьвятляецца. Тэлефонная сувязь адсутнічае. Міліцыя сюды не заяжджае. Працаўнікі “Дружбы” напароліся на ўрэзку выпадкова.

“Такія рэчы робяцца толькі групавымі і толькі пад прыкрыцьцём – я ў гэтым ніколькі не сумняваюся – праваахоўных органаў і непасрэдна спэцыялістаў, якія працуюць на гэтых жа нафтаправодах. Альбо яны былі кансультантамі, ня менш гэтага”, – камэнтуе сытуацыю дасьведчаны беларускі нафтавік Леанід Невар.

Крычаў – горад невялікі. Мікалай Гердзій, які за недалёкім часам быў тут адным з кіраўнікоў мясцовай улады, ведае сацыяльныя прычыны эканамічнай злачыннасьці.

“Па Крычаву відаць, што самі кіраўнікі ў большасьці кажуць: “Любога сёньня вазьмі кіраўніка – ёсьць за што садзіць. Прыпіскі, хлусьня, падман і дзяржавы, і падначаленых. Усё можна, калі ты ня супраць “бацькі” і яго палітыкі”.

Паводле эканамічных злачынстваў у Крычаве ўзбуджана больш як 10 крымінальных спраў. Зьняты з пасады старшыня міжраённага камітэту дзяржкантролю. Працягваюцца суды над удзельнікамі так званай крычаўскай банды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG