Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра Віку Мароз у Італіі здымаюць фільм


Радыё Свабода Апэляцыйны Суд Генуі адхіліў хадайніцтвы трох генуэскіх адвакатаў адносна таго, каб беларуская сірата Віка Мароз была вызваленая з-пад беларускай юрысдыкцыі, і каб яе далейшы лёс вырашаўся у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права.

Прадстаўнікі сям’і Джуста-Барначын спасылаліся на Нью-Ёрскую і Страсбурскую канвэнцыю пра правы дзіцяці. Паводле адвакатаў, гэтыя правы дзяўчынкі груба парушаліся ў яе на радзіме. Аднак апэляцыйны суд палічыў аргумэнты недастатковымі і не задаволіў пазоў сужэнцаў з Кагалета, паведамляе Corriere della Sera.

Паводле італьянскіх праваабаронцаў, у прыняцьці свайго рашэньня правасудзьдзе кіравалася найперш інтарэсамі міждзяржаўных дачыненьняў. Напярэдадні, у выніку падпісаньня двухбаковых пагадненьняў, Рыму і Менску ўдалося пайсьці на кампраміс і аднавіць паездкі беларускіх дзяцей у Італію. Дыпляматычны крызыс, які ўзьнік летась у верасьні пасьля выкраданьня вілейскай сіраты сям’ёй з Кагалета, быў, такім чынам, пераадолены. Як заявіла міністар Розы Біндзі, “дасягнутыя вынікі ёсьць вельмі важнымі”.

З гэтым не пагаджаюцца прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Сябры дзяцей”.

“Праблема ў тым, што ня можа быць агульных посьпехаў і важных вынікаў, калі ігнаруецца канкрэтны лёс канкрэтнага дзіцяці”, – кажа Свабодзе прадстаўніца гэтай арганізацыі.

Самі сужэнцы з Кагалета не губляюць надзеі на тое, што аднойчы 11-гадовая беларуская сірата Віка Мароз “вернецца ў сям’ю, якую лічыць сваёй”. Неўзабаве ў Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын зьявіцца ўласнае дзіця. Аднак, кажуць Алесандра і Марыя-К’яра, яны хочуць, каб і Віка Мароз была шчасьлівай і разам зь імі, а таму гатовыя прысьвяціць гэтаму сваё далейшае жыцьцё, піша італьянская агэнцыя Аnsa.

Сваё ўласнае разуменьне шчасьця беларуская дзяўчынка выказала ў інтэрвію італьянскай тэлевізіі наступнымі словамі: “Я хачу ў Італію да мамы”.

Тым часам гісторыя 11-гадовай Вікі, якая больш вядомая ў Італіі пад імем “Марыя” лягла ў аснову кнігі “Марыя і дзеці раздору”, а таксама кінафільма “Ў імя Марыі”. Гэта стужка цяпер здымаецца ў італьянскім П’ямоньце. Кінафільм прысьвечаны ня толькі Віцы, але і сотням хворых і неўладкаваных чарнобыльскіх дзяцей. Паводле італьянскага Primocanale, здымкі будуць весьціся і ва Ўкраіне. Пра Беларусь у паведамленьні ня згадваецца.

Гл. таксама

• Сям’я Джуста і Барначын чакае сына і па-ранейшаму змагаецца за дачку

• Лёс Вікі Мароз абмеркавалі ў Міляне
XS
SM
MD
LG