Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці азначае арышт Андрэя Клімава пачатак новага этапу рэпрэсій?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: cтаршыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька і адвакат палітвязьня Казуліна, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч.

Валер Карбалевіч: “У рэпрэсіях уладаў супраць палітычных апанэнтаў мусіць праглядацца пэўная лёгіка. Прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні 25 сакавіка, скандальная гісторыя з Крысьцінай Шацікавай сьведчаць пра страх уладаў перад вулічнымі акцыямі. Пра гэта ж сьведчыць і прэсінг супраць “Маладога фронту”, знакамітага вулічнай актыўнасьцю. Таксама можна прыгадаць, што папярэдняе зьняволеньне Клімава было зьвязана са спробай арганізаваць так званую рэвалюцыю на Кастрычніцкай плошчы. А вось цяперашні арышт Клімава выпадае з такой пасьлядоўнасьці. Што гэта азначае? Чаго спалохаліся ўлады ў гэтым разе?

Тацяна Процька: “Я не лічу, што дзеяньнямі ўладаў кіруе страх. Тут бачны прадуманыя ўчынкі. Пытаньне толькі ў тым, куды яны вядуць. Робіцца ўсё, каб паказаць, што Беларусь ня хоча прытрымлівацца эўрапейскіх каштоўнасьцяў. У выніку наша краіна ёсьць ізаляванай ад Захаду. І застаецца толькі саюз з Расеяй. Можа, у гэтым і схаваны асноўны сэнс такіх паводзін?”

Ігар Рынкевіч: “Клімава абвінавачваюць у парушэньні артыкулу 361, то бок у закліку да гвалтоўнага зьвяржэньня дзяржаўнага ладу. І тут тэма легітымнасьці прэзыдэнцкай улады, якую ўздымаў мой падабаронны Аляксандар Казулін, паўстае зноў і робіцца адным зь першых пунктаў нацыянальнага парадку дня.

Тыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх вядуцца цяпер рэпрэсіі, былі прыняты 15 сьнежня 2005 году. І міжнародная грамадзкасьць ацаніла іх як драконаўскія. Істотна, што яны былі падрыхтаваны пад прэзыдэнцкія выбары. Думаю, калі Андрэй будзе пісьменна абараняцца, то зможа стаць абвінаваўцам, а не абвінавачаным”.

Карбалевіч: “Клімава арыштавалі за артыкул у інтэрнэце. Але паводле беларускага заканадаўства інтэрнэт не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. Тым ня менш, ужо былі выпадкі, калі ўлады каралі за выкарыстаньне інтэрнэту. Дастаткова згадаць суд над гарадзенскімі журналістамі Маркевічам і Мажэйкам з газэты “Пагоня”. Ці азначае гэта, што цяпер усе ўдзельнікі шматлікіх інтэрнэт-форумаў знаходзяцца пад пагрозай пакараньня?”

Процька: “Зразумела, усіх чапаць ня будуць, але папярэджаньне зрабілі ўсім. Цяперашняя цывілізацыя немагчымая без інтэрнэту. Аднак недэмакратычныя рэжымы будуць заўсёды імкнуцца кантраляваць гэтую інфармацыйную прастору. Думаю, невыпадкова хадзілі чуткі пра набыцьцё беларускімі ўладамі ў Кітаі абсталяваньня для кантролю інтэрнэту. Пэўна, хутка дзеля гэтага будзе гатова й заканадаўчая аснова”.

Рынкевіч: “Сапраўды, недастаткова законаў, каб прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за публікацыі ў інтэрнэце. І ўлады падыходзяць да гэтага пытаньня выбарча. Некалі “Белорусская газета” хацела зарэгістравацца як інтэрнэт-выданьне, але ёй адмовілі на падставе таго, што пытаньне юрыдычна не адрэгулявана. Сытуацыя такая: калі выданьне зарэгістравана (напрыклад, газэта “Народная воля”), то за публікацыю на яго інтэрнэт-сайце могуць прыцягнуць да адказнасьці паводле Закону аб друку. І наадварот, калі выданьне не зарэгістравана (як сайт АГП, у якім надрукаваў свой артыкул Клімаў), – прыцягваць да адказнасьці нельга.

Таму перасьлед Клімава мусіць быць спынены. Дэмакратычная грамадзкасьць павінна ўспрыняць гэтую сытуацыю як выклік. Таму што гэта відочнае парушэньне свабоды слова – аднаго з фундамэнтальных правоў чалавека. Калі цяпер пакараюць Клімава, то потым пацягнецца ланцуг такіх спраў”.

Карбалевіч: “Напрыканцы 2006 году палітвязьняў у Беларусі прыкметна паменшала. Былі выпушчаны актывісты ініцыятывы “Партнэрства”, Скрабец, Крук. Здавалася, зьяўляюцца нейкія прыкметы адлігі. Але апошнім часам, здаецца, колькасьць палітвязьняў павялічваецца. Ужо колькі часу сядзіць без суду актывіст АГП Дзянісаў, пашыраецца крымінальная справа супраць “Маладога фронту”. Арышт Клімава, павяртаньне да савецкай практыкі выкарыстаньня карнай палітычнай псыхіятрыі ў выпадку з Шацікавай, магчыма, сьведчаць пра выкарыстаньне новых падстаў і мэтадаў рэпрэсій. Ці не пачатак гэта новага этапу рэпрэсій над палітычнымі апанэнтамі?”

Процька: “Сапраўды, апошнія падзеі дэманструюць, што рэпрэсіі будуць узмацняцца. Зразумела, гэта спроба запалохваньня дэмакратычных актывістаў.

Але я хачу вярнуцца да той думкі, якую выказала напачатку. Як толькі былі зроблены першыя крокі да дыялёгу з Захадам, адразу пакацілася рэпрэсіўная хваля. Складаецца ўражаньне, што гэта робіцца адмыслова, каб прыпыніць шлях у Эўропу. Прычым, адбываецца ўсё ў той момант, калі Эўропа робіць крокі насустрач”.

Рынкевіч: “Мушу адзначыць, што новы Адміністрацыйны кодэкс дачынна пакараньня супраціўнікаў рэжыму стаў горшым. Што тычыцца дыялёгу з Захадам, то беларуская ўлада не прайшла тэсту на дэмакратычнасьць – ні падчас мясцовых выбараў, ні падчас акцыі 25 сакавіка. Таму ніякага дыялёгу ня будзе. Гэта ня новы этап, а мадыфікацыя ўсё той жа палітыкі рэпрэсій”.

Процька: “Калі мы ўжо загаварылі пра пашырэньне рэпрэсій, то гэта азначае, што нашай дзяржаве пагражае вялікая небясьпека”.

Рынкевіч: “Ува ўсялякім разе, гісторыя Беларусі будзе ведаць як сваіх герояў, так і антыгерояў, то бок тых, хто караў людзей”.

Карбалевіч: “І гэтак, некаторыя спадзяваньні на тое, што дыялёг з Захадам прывядзе да нейкай лібэралізацыі, ня спраўдзіліся”.
XS
SM
MD
LG