Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Майдане незалежнасьці блакітныя, малінавыя і чырвоныя сьцягі


Ганна Соусь, Ягор Маёрчык, Аляксандра Макавік (фота), Кіеў Трэція суткі ў сталіцы Украіны працягваюцца пратэсты прыхільнікаў Антыкрызыснай кааліцыі на чале зь Віктарам Януковічам супраць рашэньня прэзыдэнта Віктара Юшчанкі аб роспуску Вярхоўнай Рады.

Рэпартаж Ганны Соусь:

На кіеўскім Майдане незалежнасьці цяпер гучыць расейскамоўная украінская эстрада. Адрозна ад восені 2004 году Майдан цяпер не аранжавы: тут лунаюць блакітныя сьцягі Партыі рэгіёнаў, малінавыя – Сацпартыі і чырвоныя – Камуністычнай партыі Украіны.



Было заўважана, праўда, і некалькі аранжавых сьцягоў.



А 6-й вечара тут было некалькі тысяч чалавек. Цягам дня рух па Храшчаціку быў перакрыты, але ўвечары машыны езьдзяць. На самім Майдане ўсталявана некалькі намётавых гарадкоў. Адзін зь іх агароджаны блакітнымі стужкамі, і прасьці туды мне не дазволілі. Ахоўнікі патлумачылі гэта тым, што ім надакучылі правакатары.



Тым не менш я пагаварыла з некаторымі ўдзельнікамі лягеру, яны былі з Крывога Рогу, якія сказалі, што прыехалі сюды на канцэрт, а таксама хочуць стабільнасьці і справядлівасьці.



Зь іншага боку Майдану з боку манумэнту, які сымбалізуе ўкраінскую незалежнасьць, у намётавы лягер доступ адкрыты. Там я гутарыла з маладымі людзьмі з пасёлку Знаменка Кіраваградзкай вобласьці. Яны працуюць на будоўлі і прыехалі сюды на некалькі дзён. Яны сказалі, што іх кіраўніцтва таксама тут знаходзіцца. Яны сказалі, што ім нічога не плацяць, толькі забясьпечваюць ежай. Мая калега з малдаўскай службы Свабоды сьведчыць, што ім усё ж плацяць па 30 грывень на дзень – гэта каля 6 даляраў.



Акцыя праходзіць спакойна, людзі слухаюць музыку, некаторыя п’юць піва. Міліцыянтаў няшмат. Многія ўдзельнікі кажуць, што яны яшчэ будуць некалькі дзён.

Апытаньне ў Кіеве: чым скончыцца палітычнае супрацьстаяньне ва Ўкраіне?

На гэтае пытаньне нашага карэспандэнта Ягора Маёрчыка адказвалі мінакі на вуліцах Кіева.

Слухаць:







Удзельнікі акцыі стаяць пад транспарантамі, на якіх дзеяньні Юшчанкі называюцца пераваротам.



XS
SM
MD
LG