Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэсуэле забаранілі гандляваць алькаголем на Вялікдзень


Тацяна Поклад, Прага Продаж алькаголю цягам Вялікодных сьвятаў забаронены ў Вэнэсуэле. Такім чынам урад Вэнэсуэлы спрабуе зьменшыць колькасьць аварыяў у часе сьвята. Тым часам жыхары краіны выказваюць незадаволенасьць, пратэстуюць уладальнікі крамаў і бараў, а продаж алькаголю ў часе апошніх дзён значна павялічыўся.

“Не сухому закону!”

Многія вэнэсуэльцы засталіся абыякавымі да шматлікіх заклікаў Уга Чавэса стварыць “новага чалавека” ў працэсе сацыялістычнай рэвалюцыі. Але цяперашняе рашэньне ўраду забараніць продаж алькаголю цягам вялікодных сьвятаў выклікала хуткую і досыць нэгатыўную рэакцыю жыхароў. Апазыцыйныя газэты крытыкуюць гэтую меру, незадаволеныя прадпрымальнікі, на многіх аўтамабілях зьявіліся надпісы “Не сухому закону!”.

Да Вялікадня альгаголь можна прадаваць толькі ад 10 раніцы да 5 вечара, але ўжо ад Чыстага чацьвяргу продаж усіх алькагольных напояў у Вэнэсуэле цалкам забаронены, толькі ў суботу будзе зроблена выключэньне на некалькі гадзінаў у першай палове дня.

Прыватныя ўласьнікі: забарона парушае свабоду прадпрымальніцтва

Тым часам вэнэсуэльцы звычайна маюць вакацыі на Вялікдзень і выяжджаюць на адпачынак на некалькі дзён. Ужо падлічана, што забарона на продаж алькаголю прынясе мільённыя страты, пацерпяць найперш клюбы, іншыя начныя забаўляльныя установы, пад пагрозай апынаецца шмат працоўных месцаў. Прадпрымальнікі спрабуюць змагацца з абмежаваньнямі на продаж алькаголю праз суд і аргумэнтуюць сваю пазыцыю тым, што забарона парушае свабоду прадпрымальніцтва.

Урад апраўдвае гэты крок колькасьцю аварыяў на дарогах Вэнэсуэлы, якая рэзка павялічваецца напярэдадні і ў часе Вялікодных сьвятаў. 26 мільёнаў вэнэсуэльцаў – найбольшыя ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы аматары піва. Алькаголь у Вэнэсуэле – неад’емная частка штодзённага жыцьця, і гэта закранае і аўтамабільны рух. У Вэнэсуэле нікога не зьдзіўляе, што напрыканцы тыдня можна бачыць кіроўцаў аўтамабіляў нападпітку, з бляшанкай півай у руцэ.

Прычына росту колькасьці аўтамабіляў – танны бэнзін

Колькасьць аўтамабіляў у Вэнэсуэле таксама павялічваецца – толькі ў сталіцы, у Каракасе, сёлета колькасьць аўтамабіляў павялічылася на 75 тысяч у параўнаньні зь мінулым годам. Бэнзін у Вэнэсуэле невераемна танны – поўны бак каштуе менш 1 эўра, і гэта сталася адной з прычынаў росту колькасьці аўтамабіляў.

Звычка кіраваць нападпітку, такім чынам, робіцца ўсё большай праблемай. Таму ў часе Вялікодных сьвятаў урад павялічыць на 27 % колькасьць дзяжурных паліцыянтаў для працы на вуліцах гарадоў, паколькі, хаця продаж алькаголю цягам сьвятаў будзе абмежаваны, ужываць алькаголь не забаронена.
XS
SM
MD
LG