Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 4 красавіка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

У беларускім сеціве працягваецца акцыя салідарнасьці з палітвязьнем Дзянісам Дзянісавым, які другі месяц знаходзіцца пад вартай за тое, што разам зь сябрамі вывесіў у Віцебску бел-чырвона-белыя сьцягі. У сеціве розныя карыстальнікі выстаўляюць паведамленьні з адрасам для пераводу грошай, каб вызаліць Дзяніса Дзянісава пад заклад. Напрыклад, карыстальнік Petra Leleka ў суполцы Minsk_by паведамляе, што сабрана больш за палову зь неабходных сямі тысяч даляраў у эквіваленце. Камэнтары: “Адзін-два дні свабоды ня вартыя такога “хабару”, калі для хлопца толькі не гатовы плян уцёкаў з краіны”; “Час суду невядомы. Праз 2 тыдні скончацца 2 месяцы ўтрыманьня пад вартай. Маюць, пэўна, альбо судзіць, альбо тэрмін падоўжыць. А так, падоўжваючы, мае шчэ год прасядзець, пэўна...”; “Заклад дзейнічае да ўступу прысуду ў сілу, а ня толькі да самога суду. Так што сэнс ёсьць у кожным выпадку”.

У суполцы lulu_gov_by новая карыкатура: двугаловы расейскі арол мае абліччы Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Мілінкевіча, замест маскоўскага герба зь Георгіем Пераможцам менскі герб з Маці Божай, пад карыкатурай подпіс: “За адзіную Беларусь”.

На форумах парталу Tut.by жвава абмяркоўваюць навіну пра тое, што ў Бабруйску прыпынілі вяшчаньне адзінага эратычнага каналу, нібыта пасьля сыгналу мясцовага пэнсіянэра ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Канал пачынаў працу а 23-й. Камэнтары: “Ня хочаш глядзець – пераключы канал. А 23-й трэба спаць, а не пісаць лісты”; “Мая мама таксама супраць, маўляў, сямігадовая ўнучка шчоўкае каналы і бачыць гэта”; “Што ўнучка робіць перад тэлевізарам пасьля 23-й?”; “Дзеду зайздросна, вось і накатаў ліст”; “Няўжо і мы будзем так бурчэць і пырскаць сьлінай, гледзячы на маладосьць?”

Рэгі, фольк і дыска – разам у новай песьні гурту “Адыс Абэба” пад назвай “Каханая”. Песьню можна спампаваць у фармаце МР3 на афіцыйным сайце гурту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG