Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцука Вячорку і Вячаслава Сіўчыка суд вызваліў ад адказнасьці


Любоў Лунёва, Менск Суд Савецкага раёну Менску прызнаў лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку і актывіста Вячаслава Сіўчыка вінаватымі ў дробным хуліганстве, але вызваліў іх ад адміністрацыйнай адказнасьці. Апазыцыянэры будуць абскарджваць прысуд як незаконны.

У судзе Савецкага раёну Менску прысутнічалі кіраўнікі дыпмісіяў Нямеччыны, Румыніі, Францыі, ЗША, Швэцыі, прадстаўнікі АБСЭ, лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, актывісты палітычных партый.



Вінцук Вячорка выказаў недавер судзьдзі Людміле Савасьцян. Палітык аргумэнтаваў сваю заяву:

Вячорка: “Гэтая спадарыня была адной зь вядучых судзьдзяў пад час вынясеньня масавых прысудаў у часе падзеяў 2006 году. Яна судзіла і пасадзіла ў тым ліку й мяне. Яе імя нездарма знаходзіцца ў “чорных” сьпісах Эўрапейскага Зьвязу. Як я магу аказваць ёй давер?”

Судзьдзя прыняла рашэньне працягваць судовы працэс.

Вінцук Вячорка распавёў, што 13 сакавіка цягам дня за ім сачылі людзі ў цывільным. Позна ўвечары ён разам са сваёй дачкой паехаў на таксоўцы дахаты. Каля пад’езду іх сустрэў старэйшы сын Франак. Калі яны ўтрох выходзілі зь ліфту, да іх падышлі людзі ў цывільным і прапанавалі Вячорку паехаць зь імі ў міліцыю. У машыне палітык чуў, як па рацыі кіраўнік міліцыянтаў загадваў ім непрыкметна правезьці яго па вуліцах. Машыну спынілі на адлегласьці некалькіх мэтраў ад РУУС, палітыка абшукалі і адвезьлі ў турму на вуліцу Акрэсьціна. Вінцук Вячорка ў судзе заявіў, што лічыць гэта інтэрнаваньнем актывістаў на час правядзеньня акцыі 25 сакавіка. Праз суткі яго адпусьцілі без тлумачэньня прычын.

Сьведкі, байцы спэцназу міліцыі Чычко і Супрун, сьцьвярджалі, што спадар Вячорка выйшаў з таксоўкі і, убачыўшы іх, пачаў гучна і нецэнзурна лаяцца, пагражаючы ім, нібыта, расправай, калі зьменіцца ўлада.

Сьведкі, аднак, падавалі супярэчлівыя паказаньні. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва адваката дапытаць Франака Вячорку, кіроўцу таксі і міліцэйскае кіраўніцтва. Яна прызнала Вінцука Вячорку вінаватым у дробным хуліганстве, але вызваліла яго ад адміністрацыйнай адказнасьці. Судзьдзя патлумачыла, што гэткае рашэньне вынікае з малазначнасьці правапарушэньня. Вінцук Вячорка адразу пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў “Свабодзе”:

Вячорка: “Любое рашэньне так званага суду ў нашай краіне прымаецца не судом і не судзьдзёй Савасьцян. Усё залежыць ад палітычнай каньюнктуры, ад палітычнага моманту і загаду зьверху. У Беларусі суду няма”.

Вячаслава Сіўчыка судзіла судзьдзя Аксана Рэлява. Яго затрымалі ў адзін дзень зь Вячоркам, але абвінавацілі ў тым, што ён спраўляў натуральную патрэбу ў двары дому каля плошчы Якуба Коласа. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

Сіўчык: “Асноўнае, чаго я дамагаўся пад час адкрытага судовага паседжаньня, – данесьці рэальную інфармацыю пра тое, што са мной адбывалася 13 сакавіка, якія сілы былі задзейнічаны на гэтую “бліскучую” апэрацыю. Я выкарыстаў магчымасьць адкрытага суду дзеля звароту да кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратуры, каб яны нарэшце спынілі зьдзек зь беларускай міліцыі, бо гэта вельмі небясьпечна для беларускага грамадзтва”.

Судзьдзя Аксана Рэлява прызнала Сіўчыка вінаватым, але, як і Вінцука Вячорку, вызваліла ад адміністрацыйнай адказнасьці.

Адвакаты Вячаслава Сіўчыка і Вінцука Вячоркі будуць абскарджваць прысуды як незаконныя ў вышэйшых інстанцыях. Вінцук Вячорка патлумачыў: судзьдзя не апраўдала яго толькі з тае прычыны, што тады давялося б да адказнасьці прыцягваць міліцыянтаў – за незаконнае затрыманьне і лжэсьведчаньне, а за гэта ад 1 сакавіка прадугледжана крымінальная адказнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG