Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка палітычнага крызісу ва Ўкраіне: 4 красавіка


Юры Дракахруст, Прага Палітычны крызіс ва Ўкраіне, выкліканы ўказам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі распусьціць Вярхоўную Раду і прызначыць пазачарговыя парлямэнцкія выбары на 27 траўня, паглыбляецца.

Прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч, выступаючы сёньня перад пасламі замежных краін, заявіў:

“Калі прэзыдэнт і апазыцыя зоймуць непахісную пазыцыю наконт датэрміновых выбараў, а напружаньне ў краіне дасягне апагею, тады вырашальнае слова павінен сказаць народ. Гэта ня наш выбар. Людзі ня хочуць выбараў і гэта пацьвярджаюць дадзеныя апошніх сацыялягічных апытаньняў. Але мы будзем вымушаныя пайсьці на выбары. Мы не баімся выбараў – мы ўпэўненыя ў перамозе”.

Аднак разам з тым старшыня ўраду паведаміў :

“Пакуль ня будзе разгляду гэтага пытаньня ў Канстытуцыйным судзе , ніякай падрыхтоўкі ні да якіх выбараў мы ня будзем праводзіць”.

Сёньня ж адбылася яшчэ адна сустрэча прэзыдэнта Віктара Юшчанкі і прэм’ер-міністра Віктара Януковіча.

У Cакратарыяце прэзыдэнта ўпэўненыя, што грошы на фінансаваньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў знойдуцца, нягледзячы на адмову ўраду ўхваліць рашэньне аб фінансаваньні. Намесьнік кіраўніка сакратарыяту прэзыдэнта Віктар Бондар нагадаў, як у 2004 годзе трэці тур прэзыдэнцкіх выбараў быў прафінансаваны з рэзэрвовага фонду дзяржбюджэту. Учора Кабмін забараніў Міністэрству фінансаў выдзяляць грошы на датэрміновыя выбары.

Лідэр парлямэнцкай апазыцыі Юлія Цімашэнка заявіла, што рашэньне прэзыдэнта ўратавала незалежнасьць Украіны.

“Я лічу, што ў прэзыдэнта краіны не было іншай магчымасьці вырашыць палітычны і эканамічны крызыс у нашай краіне. Я перакананая ў тым, што калі прэзыдэнт не зрабіў гэты крок, мы б страцілі незалежнасьць Украіны”.

На Майдане Незалежнасьці ў Кіеве з учорашняга вечару працягваецца мітынг прыхільнікаў кааліцыі, удзельнікі акцыі заяўляюць, што ня сыдуць да таго часу, пакуль Канстытуцыйны суд ня прыме рашэньня аб указе прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту. Днём 4 красавіка на плошчы было каля 10 тысяч чалавек.

Прадстаўнік прэзыдэнта ў Канстытуцыйным судзе Уладзімер Шапавал паведаміў, што Канстытуцыйнаму суду спатрэбіцца ня менш як 2 месяцы, каб разгледзець пытаньне аб канстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту і прызначэньні датэрміновых выбараў.

Некалькі тысяч прыхільнікаў кааліцыі абкружылі Сакратарыят прэзыдэнта, яны патрабуюць адмены ўказу аб датэрміновых выбарах. Каля сакратарыяту таксама праводзяць мітынг прыхільнікі прэзыдэнта і апазыцыі, якія падтрымліваюць роспуск Вярхоўнай Рады.

Кіраўнік Службы бясьпекі Валянцін Налівайчанка абверг інфармацыю пра наяўнасьць у спэцслужбы сьпісаў асобаў, якіх быццам бы плянуецца ізаляваць.

“Праца дэпутатаў у Вярхоўнай Радзе нелегітымная”, – заявіў прадстаўнік сакратарыяту прэзыдэнта Валер Гэлэтэй. “Яны могуць быць у памяшканьні Вярхоўнай Рады, але ня маюць права праводзіць пасяджэньні”, – падкрэсьліў ён.

Месцы прыхільнікаў Віктара Юшчанкі ў парлямэнце па-ранейшаму пустуюць.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Іван Дамброўскі падаў у адстаўку, але іншыя судзьдзі адмовіліся яе прыняць.

Сьпікер Вярхоўнай Рады, лідэр Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз, выступаючы на Майдане незалежнасьці, заявіў, што “кааліцыя не баіцца датэрміновых выбараў. Небясьпека указу ў тым, што ствараецца прэцэдэнт, калі камусьці захочацца распусьціць заканадаўчы орган”.

Заяўкі у Кіеўскую гарадзкую адміністрацыю на бестэрміновыя масавыя акцыі ў сталіцы паступілі як ад прыхільнікаў кааліцыі, гэтак і ад прыхільнікаў кааліцыі. “Саюз моладзі рэгіёнаў” падаў заяўкі на акцыі на Майдане Незалежнасьці, а таксама на пікетаваньне Вярхоўнай Рады, Цэнтрвыбаркаму, Канстытуцыйнага суду, Сакратарыяту прэзыдэнта.

20 дэпутатаў кааліцыі занялі кабінэт кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Яраслава Давідовіча і не зьбіраюцца яго пакідаць. Пазаўчора Вярхоўная Рада прыняла пастанову, якой аднавіла склад Цэнтрвыбаркаму, які дзейнічаў да Аранжавай рэвалюцыі на чале з Сяргеем Ківалавым. Учора суд аднаго з раёнаў Кіева скасаваў гэтае рашэньне парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG