Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта ў Беларусі на час Вялікага тыдня забараніць продаж алькаголю?


Альгерд Невяроўскі, Менск Ці варта ў Беларусі на час Вялікага тыдня забараніць продаж алькаголю, як гэта зрабіў у Вэнэсуэле прэзыдэнт Уга Чавэс? Гэтае пытаньне прыхаджанам праваслаўнага Сьвята-Духава катэдральнага сабору і людзям каля ўнівэрсаму “Цэнтральны” задаваў наш карэспандэнт.

Слухаць:



Верніца: “Я лічу, на спажываньне алькаголю мусяць быць ня толькі жорсткія захады, – павінна быць прафіляктыка. І ня толькі ў Вялікі тыдзень. Патрэбна прапаганда здаровага ладу жыцьця”.

Верніца: “Барацьба з алькаголем ёсьць зьявай вельмі пазытыўнай. Вельмі добра”.

Дзяўчына: “Варта, бо Царква не вітае ўжываньня алькаголю. Вялікі тыдзень – гэта тыдзень духовага ачышчэньня. Алькаголь жа гэтаму не спрыяе”.

Вернік: “Можна такое зрабіць. Для выратаваньня душы й для здароўя цела”.

Верніца: “Я супраць алькаголю. Гэта такая хвароба, што псуе жыцьцё дзецям, родным, блізкім, бацькам. Я вельмі не хацела б, каб у нас людзі пілі”.

Гэта былі меркаваньні вернікаў, што выходзілі зь менскага праваслаўнага Сьвята-Духава катэдральнага сабору.

А вось думкі пакупнікоў унівэрсаму “Цэнтральны”, што на праспэкце Незалежнасьці:

Спадарыня: “Гэтага нельга рабіць. Навошта? Калі я трымаюся нейкіх правілаў, то я й ня буду набываць алькаголю. Мне не патрэбны забароны”.

Карэспандэнт: “Ці варта ў Беларусі забараніць продаж алькаголю ў Вялікі тыдзень, як гэта зрабіў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс?”

Спадар: “Думаю, што ня трэба. Той, хто спажывае гарэлку, знойдзе магчымасьць яе піць. А хто не спажывае, – і так піць ня будзе”.

Студэнт: “Варта. Таму, што вялікая колькасьць маладых людзей спажывае алькаголь у сьвяты”.

Спадар: “Лічу, што ня трэба забараняць людзям таго, чаго яны хочуць”.

Спадар: “Думаю, гэта ня мае ніякага сэнсу”.

Пэнсіянэр: “Ня варта. Такія забароны нічога добрага не даюць”.

Хлопец: “Забараняць ня трэба нічога. Трэба працаваць з насельніцтвам, каб патлумачыць, што Вялікі тыдзень – гэта сапраўднае сьвята. І ў гэты час ня варта спажываць алькагольных напояў”.
XS
SM
MD
LG