Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Клімава: “Празь месяц мы зьбіраліся пераехаць у Маскву”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Што намерваўся рабіць Андрэй Клімаў бліжэйшым часам? Тацяна Клімава распавяла “Свабодзе” пра пляны, парушаныя арыштам Андрэя Клімава, якога пракуратура вінаваціць у закліках да зьвяржэньня існага дзяржаўнага ладу.

Другі дзень палітык Андрэй Клімаў знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Нагадаем: былога дэпутата Андрэя Клімава затрымалі 3-га красавіка і абвінавацілі ў закліках да зьвяржэньня ўлады, распаўсюджаных у інтэрнэце.

Пра ўмовы ўтрыманьня Андрэя Клімава пакуль нічога невядома. Сёньня, 4 красавіка, жонка палітыка Тацяна Клімава перадала мужу ў турму вопратку і харчы на некалькі дзён. Пазьней Тацяна зьбіраецца зьвярнуцца да сьледчага Анатоля Гадуна з просьбай дазволіць ёй спатканьне з мужам.

“Пакуль я да яго не зьвярталася. Ён учора мне патэлефанаваў сам, пасьля шасьці вечара ўжо, і сказаў, што мой муж затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар. А да таго часу ніхто ў сьледчым аддзеле пракуратуры ня браў слухаўкі”.

Т.Клімава: “Яго пра завядзеньне справы ніхто афіцыйна не інфармаваў. Ён даведаўся з інтэрнэту і сам пайшоў разьбірацца”.
Тацяна Клімава мяркуе, што сьледчыя пракуратуры наўмысна паведамілі ў некаторыя мэдыі пра завядзеньне крымінальнай справы супраць яе мужа, каб заманіць яго ў пракуратуру. “Яго пра завядзеньне справы ніхто афіцыйна не інфармаваў. Ён даведаўся з інтэрнэту і сам пайшоў разьбірацца”, – кажа Тацяна. Пачуць тлумачэньні ад супрацоўнікаў сьледчага аддзелу пракуратуры Менску А.Клімаву не ўдалося – тэлефоны не адказвалі.

Толькі ў сьнежні Андрэй Клімаў вярнуўся з “хіміі”, якую адбываў у Гомельскай вобласьці. Чым ён зьбіраўся заняцца бліжэйшым часам? Паводле Тацяны Клімавай, яе муж разам з кампаньёнамі плянаваў распачаць камэрцыйны праект у Маскве, і ягоныя далейшыя пляны таксама былі зьвязаны з Масквой.

Клімава: “Ён толькі прыехаў з Масквы і зьбіраўся зноў туды. Клапаціўся пра пераезд, вырашаў арганізацыйныя пытаньні. Хадзіў, ні ад каго не хаваўся, у нядзелю быў на стадыёне”.

Тацяна Клімава паведаміла, што ў канцы траўня разам зь дзецьмі таксама зьбіралася перабрацца да Андрэя ў Маскву. Чарговы перасьлед мужа Тацяна Клімава тлумачыць асаблівасьцямі беларускага кіраўніцтва.

Т.Клімава: “Гэта яўна памоцненае хваравітае стаўленьне рэжыму да асобы майго мужа”.
Клімава: “Гэта яўна памоцненае хваравітае стаўленьне рэжыму да асобы майго мужа”.

З 1998-га да 2002-гі году Андрэй Клімаў адбыў пакараньне паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах, хаця сам ён і шмат хто ў Беларусі мяркуе, што зь ім паквіталіся за актыўнасьць у арганізацыі імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. Другі раз Андрэй Клімаў быў пакараны абмежаваньнем волі за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка 2005 году. З “хіміі” спадар Клімаў выйшаў у канцы 2006 году. Цяпер палітыку пагражае зьняволеньне тэрмінам да 3 гадоў.

Са слоў Тацяны Клімавай, днямі мае быць вызначана, хто з адвакатаў будзе абараняць Андрэя Клімава.
XS
SM
MD
LG