Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чым больш Лукашэнка хоча стаць эўрапэйцам, тым лепш будзе для ўсіх”


Юры Дракахруст, Прага На гэтым тыдні гасьцямі праскага офісу Свабоды былі пасол ЗША ў АБСЭ Джулія Фінлі і кіраўніца амэрыканскай грамадзкай арганізацыі Нацыянальны цэнтар дэмакратыі (National endowment for democracy) Надзя Дзюк. Сярод іншага яны выказаліся і наконт сытуацыі ў Беларусі.

Нацыянальны цэнтар дэмакратыі, якім кіруе Надзя Дзюк,– адзін з самых уплывовых і вядомых цэнтраў, якія займаюцца падтрымкай дэмакратыі ў краінах, у якіх яе няма. Летась падчас выбарчай кампаніі менавіта гэты цэнтар беларускі КДБ абвінавачваў у падтрымцы арганізацыі “Партнэрства”.

Наколькі лёгка амэрыканскай арганізацыі працаваць у краіне, дзе ўлады выкарыстоўваюць антыамэрыканскія аргумэнты, каб дыскрэдытаваць атрымальнікаў замежнай дапамогі? Гаворыць Надзя Дзюк.



“Антыамэрыканізм уласьцівы ня толькі Беларусі, мы сутыкаемся зь ім нават у краінах Усходняй Эўропы. Але гэта – вынік унутранай палітычнай сытуацыі, а не рэакцыя на палітыку ЗША. Нам сумна назіраць, як такая краіна, як Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, так далёка адыходзіць ад прынцыпаў дэмакратыі. Гэта непакоіць і Злучаныя Штаты, і Эўразьвяз, і шмат арганізацыяў, гэта непакоіць амэрыканскі Кангрэс, які нядаўна працягнуў дзеяньне “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Кангрэс моцна падтрымлівае беларускіх дэмакратаў. Гэтая праблема – адна з нешматлікіх, па якой мы – амэрыканцы, і эўрапэйцы – можам знайсьці згоду.

Грамадзянская супольнасьць у Беларусі набірае моц і мы будзем падтрымліваць яе, наколькі зможам. Мы ведаем, што на мінулым тыдні ў Беларусі прайшла шматлюдная дэманстрацыя, там было шмат моладзі. На жаль, для іх гэта адзіны спосаб заявіць пра сваё імкненьне да свабоды. Мы жадаем ім шмат посьпехаў на гэтым шляху”.

Нярэдка можна пачуць думку, што замежная дапамога апазыцыі ў дыктатарскіх рэжымах, з аднаго боку, часам ці не адзіны сродак выжываньня атрымальнікаў дапамогі, з другога боку, спараджае ў іх утрыманскую псыхалёгію і цынізм. Як Надзя Дзюк ставіцца да гэтай дылемы?

“Калі і ёсьць прычыны для цынізму ў грамадзкіх актывістаў, то гэта хутчэй дзеяньні ўладаў. Мой досьвед працы ў Нацыянальным цэнтры дэмакратыі паказвае, што наша дапамога – ня толькі матэрыяльная, але і маральная. Існуе ўсясьветная супольнасьць дэмакратаў, якія надзвычай заклапочаныя сытуацыяй у такіх дзяржавах, як Куба, як Паўночная Карэя, і на жаль як Беларусь.

І гэтая усясьветная супольнасьць дэмакратаў падтрымлівае дэмакратаў у гэтых краінах, падкрэсьлю, найперш маральна. Хаця і матэрыяльная дапамога сапраўды часам адзіны сродак выжываньня людзей дэмакратычных поглядаў у такіх краінах. Калі вы, жывучы там, зь дня ў дзень патрабуеце свабодных выбараў, свабоды мэдыяў, а ў адказ з дня ў дзень атрымліваеце рэпрэсіі – гэта, як нішто іншае, падштурхоўвае да цынізму”.

Пасьля крызысу ў адносінах з Расеяй Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў, зь якіх вынікала ягоная гатоўнасьць палепшыць адносіны з Захадам. Як ставіцца да гэтых заяваў кіраўніца Нацыянальнага цэнтру дэмакратыі?

“Мы жадаем Лукашэнку посьпехаў. Чым больш ён хоча стаць эўрапэйцам, тым лепш будзе для ўсіх. Але пытаньне ў тым, якім чынам ён хоча палепшыць адносіны. Увядзеньне візавых санкцыяў адносна беларускіх урадоўцаў мела абсалютна канкрэтныя прычыны, Беларусь павінна была зрабіць пэўныя крокі: правесьці свабодныя выбары, спыніць перасьлед палітычных актывістаў і няўрадавых арганізацый, даць свабоду мэдыям.

Калі Лукашэнка хоча стаць эўрапэйцам, я мяркую, Эўропа прыме яго з адкрытымі абдымкамі, калі ён зробіць тое, што ён павінен зрабіць”.

Апошнім часам узмацнілася крытыка дзейнасьці бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якое назірае за хадою выбараў, з боку такіх краін як Расея і Беларусь. Расея адмовілася запрашаць назіральнікаў бюро на наступныя думскія выбары. Пасол ЗША ў АБСЭ Джулія Фінлі тлумачыць, чаму краіны, якія крытыкуюць бюро, на яе думку ня маюць рацыі:

“Большасьць гэтых краін адмаўляюцца зразумець, што іх разуменьне справядлівых выбараў ня зусім правільнае. Яна не разумеюць, што размова ідзе пра падзеі, якія адбываюцца за шмат тыдняў да дня галасаваньня. І тое, што адбываецца ў гэты час, ня менш важна, чым уласна галасаваньне. Гэта мае дачыненьне да свабоды сходаў і свабоды слова. Ці ўсе кандыдаты маюць роўны доступ да тэлебачаньня і радыё? Ці маюць яны магчымасьць сабраць сваіх прыхільнікаў на гарадзкой плошчы, каб выказаць свае погляды?”
XS
SM
MD
LG