Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я не жадаю саюзу з Расеяй ні з Лукашэнкам, ні без Лукашэнкі, ні з Фраловым, ні без Фралова, ні са Скрабцом, ні без Скрабца"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 3 красавіка, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадар: “Я паслухаў Ваша радыё і хачу сказаць, што апазыцыянэрам ня трэба парушаць законы. А Казулін парушыў закон, няхай адказвае. І такі прэзыдэнт, як Казулін, не патрэбны. А апазыцыянэры павінны працаваць зь людзьмі. І вельмі шмат славы сабе прыпісваеце. Вось такое маё меркаваньне”.

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”. Учора на хвалях “Свабоды” прагучала інфармацыя, што генэрал у адстаўцы Фралоў і прадпрымальнік у адстаўцы Скрабец правялі мітынг у падтрымку саюзнай дзяржавы пад лёзунгам “З Расеяй без Лукашэнкі!” Асабіста ад сябе я хачу сказаць псэўда-апазыцыянэрам : я не жадаю саюзу з Расеяй ні з Лукашэнкам, ні без Лукашэнкі, ні з Фраловым, ні без Фралова, ні са Скрабцом, ні без Скрабца. Я жадаю, каб Беларусь мела з усімі сваімі суседзямі і іншымі краінамі нармалёвыя эканамічныя, гандлёвыя, культурныя адносіны без усялякіх палітычных і ваенных хаўрусаў. Дзякуй за ўвагу”.

Яўгенія Казлова, Ворша: “Я ня згодная з выказваньнем Юрыя Хадыкі, што Лукашэнка -- нацыяналіст. Гэта гучыць цынічна, бо насамрэч цяперашні кіраўнік дзяржавы зьнішчае ўсё нацыянальнае пасьлядоўна і мэтанакіравана разам са сваімі памагатымі-халуямі. Ён выкінуў таленавітых дзяцей зь Беларускага гуманітарнага ліцэю, закрыў Беларускі (Эўрапейскі – рэд.) Гуманітарны Ўнівэрсытэт, выкінуў беларускіх пісьменьнікаў зь іх Дому літаратара, зьнішчыў усе беларускія выдавецтвы, не карыстаецца беларускай мовай, не шануе памяць продкаў народу, на зямлі якога нарадзіўся і вырас. Юда прадаў Хрыста, а Лукашэнка прадаў нашу Беларусь і зь ёю беларушчыну. Я прашу, нават патрабую ад Юрыя Хадыкі тлумачэньняў, што ён меў на ўвазе, калі так казаў?”.

Сталы слухач: “Вось усім вядома, што на сёньняшні дзень у нас, у Беларусі, усе дзеці забясьпечаныя дзіцячымі садамі, і ясьлямі, і кваліфікаванымі выхавацелямі, і добрай ежай, і мэдычным абслугоўваньнем у дзіцячых садках. І нават крыху больш ёсьць вольных месцаў. А ў той жа шчасьлівай Нямеччыне на траціне рэгіёну толькі 8 % дзяцей забясьпечаныя. І тое толькі ў былой Усходняй Нямеччыне, дзе была ГДР, там да 40 % забясьпечаныя. Вось Вам багатая, шчасьлівая Нямеччына. Вось такая сытуацыя. Вось праводзіцца праграма па падтрымцы інвалідаў. Выдзяляюцца мільярды беларускіх рублёў для падтрыманьня інвалідаў усіх катэгорый, пачынаючы з таго, што для іх спэцыялізаваныя аўтобусы, зь нізкімі сходамі, і заканчваючы матэрыяльнай падтрымкай. А дзе Вы такое знойдзеце? Ну знайдзіце дзе-небудзь у Эўропе такое. Вы ня знойдзеце. А ў нас гэта дзяржава ажыцьцяўляе. І сёньня старшыня Савета міністраў яшчэ раз публічна абгрунтаваў гэта ўсё. Хіба гэта трэба крытыкаваць? Ня трэба”.

Спадар: “Вось цяпер ва Ўкраіне, на вялікі жаль, проста сэрца баліць за нашых братоў-славянаў, украінцаў, праваслаўных. Нацыяналісты зноў раздуваюць пажар. У гэтым пажары больш за ўсіх дастаецца людзям: рабочым, сялянам, іх сем’ям, дзецям. Вось у чым бяда. Няхай бы яны там за чубы адзін аднаго цягалі, білі галовы аб сьценку. Гэта іх справа. Але ў межах закрытага паседжаньня. А яны гэтыя канфрантацыі пераносяць на плошчу. Вось нешта такое было ў нас у тыя часы, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Такім самым чынам нейкія цёмныя сілы цягалі, дарогі бурылі, камяні кідалі, хлопчыкаў-міліцыянтаў зьбівалі. І Беларусь выстаяла. Выстаяла, бедачына. І пачаўся парадак. Воля – гэта ня ўсёдазволенасьць. І тыя крыкуны страшныя, якія і цяпер спрабуюць крычаць, перашкаджаюць нам жыць, таму што ўсё гэта трэба выказаць прыстойна, сумленна і наўпрост, што хоча. Палова Менску прыдзе іх паслухаць. Вось як трэба”.

Вінцэнт Біты: “Добры дзень. 1 красавіка споўнілася 550 гадоў з дня зямельнай рэформы на Беларусі, калі быў уведзены так званы “ўстаў на валокі”. Гэта дата засталася, на жаль, не заўважанай, але можна зразумець, якое значэньне гэта мела для нашай дзяржавы, тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага. Тады было ўпарадкавана землеўладаньне, былі праведзеныя памеры. І тое, што яна мела вялікае значэньне, гэта зразумела ўсім. Я чытаў артыкулы Валянціна Голубева, але вось гэта дата прайшла неяк незаўважна”.

Ніна Армалінская, Салігорск: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Ад слоў вар’яцеюць каты. Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Не пасадзіць за краты. Свабоду Андрэю Клімаву! Ганьба халуям рэжыму! Жыве Беларусь! Жыве Андрэй Клімаў! Мы з табой, Андрэй, сёньня і заўсёды”.

Анастас Семяновіч: “Дарагое і любімае спадарства Радыё Свабода, добры вечар. Я вельмі рады, што шаноўны спадар прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка распусьціў бальшавіцкую Вярхоўную Раду. Весьці сумесную працу з бальшавіком Януковічам нерэальна. Яны павінны сядзець у труме. Я вельмі спадзяюся, што любімы ўкраінскі народ больш ня зробіць памылак пры абраньні дэпутатаў. Вам будуць бальшавікі абяцаць “залатыя горы,” ня верце ім. Шлях Украіны – ў Эўропу і ідэальныя ўзаемадачыненьні з Амэрыкай. Вам пакуль цяжка, але добры прыклад Прыбалтыкі ў Эўропе, як далёка яны сягнулі па ўзроўню жыцьця. Яшчэ раз зьвяртаюся да Вас, любімыя браты і сёстры Ўкраіны: абараняйце сваю будучыню”.

Агуркоў: “Мне здаецца, што палітоляг Класкоўскі толькі што выказаў вялікае глупства аб незалежнасьці так званай Беларусі. Дзе Вы тую незалежнасьць бачыце? У чым яна праяўляецца? У тым, што ў нас няма нацыянальнай школы, унівэрсытэту, што няма ніводнага цэньніка ў краме, што намі гандлююць, як цыган кабылай? Няхай Класкоўскі патлумачыць, у чым наша незалежнасьць. Мы ж цалкам маскоўская правінцыя. Цалкам, як кажуць, ад апошняга калгаса да прэзыдэнта. Дзе ж гэта бачана, каб такое глупства агучвалі?!”.

Галіна Рыгораўна, пэнсіянэрка: “Я хачу спытацца. Можа хто пракамэнтуе. Можа, сам той Пётар Краўчанка. Вось у “нашай Ніве” быў такі артыкульчык “Яе звалі беларускай” пра Насту Лісіцыну, якая была першай беларускай, якая вучылася па-беларуску з усімі цяжкасьцямі, праўдамі і няпраўдамі. І вось выказваньне таго Пётры Краўчанкі. Цытую: “Тагачасны сакратар Менскага гаркому КПБ прыходзіў да мяне”, – Наста сама піша пра гэта, – “да мяне ў клясу, каб спраўдзіць: ці ў мяне ўсё нармальна з галавой, ці сапраўды я магу зьвязаць два словы па-беларуску?”. Я з той нагоды, што ў “Свободных Новостях” ён піша вельмі вялікую кніжку пра тое, які ён шчыры беларус, і які ён добры, і як ён змагаўся. Дык можа, хто-небудзь пракамэнтуе гэта, ці ён сам раскажа.”.

Спадар: “Прывітаньне. Радыё Свабода. Ёсьць такое пытаньне да міністра сувязі РБ. Чаму ідзе глушэньне Радыё Рацыя на частаце 49 м? Хай ён адкажа на маё пытаньне, чаму ён парушае мае права на інфармацыю і артыкул Канстытуцыі РБ?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG