Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Кіеве ўсё можа скончыцца гэтак жа, як у Менску ў 1996-м...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашы слухачы зь непакоем і трывогай сочаць за падзеямі, якія разгортваюцца ў гэтыя дні ў суседняй Украіне. Востры палітычны крызыс, выкліканы рашэньнем прэзыдэнта Юшчанкі распусьціць Вярхоўную Раду, некаторым у Беларусі нагадаў беларускі крызыс ‘96-га году, калі Аляксандар Лукашэнка змагаўся за ўладу зь Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом.

Сёньняшнюю размову пачну з аднаго з электронных лістоў на гэтую тэму, які даслаў нам Аляксей Лосік зь Менску. Слухач піша:

“Тое, што цяпер адбываецца ў Кіеве, афіцыйная беларуская прапаганда выкарыстае (і ўжо выкарыстоўвае) сабе на выгоду. Маўляў, паглядзіце, да чаго даводзяць каляровыя рэвалюцыі: бойка за ўладу, супрацьстаяньне, бязладзьдзе, мітынгоўшчына. А ў нас у Беларусі галоўны клопат на сёньня – сяўба ў калгасах. І многіх людзей гэта пераканае. Сапраўды, што дала ўкраінцам “аранжавая” рэвалюцыя? Да шчасьця і росквіту яна, здаецца, не прывяла. Грамадзтва там расколата, парадку няма. І ці ня скончыцца ўсё тым, чым скончылася ў нас у ’96-м годзе, калі ў выніку супрацьстаяньня Вярхоўнага Савету і прэзыдэнта Беларусь ператварылася ў паўдыктатарскую краіну, у якой самастойнай прадстаўнічай улады ўвогуле няма?”

Цяжка, спадар Лосік, уявіць прэзыдэнта Віктара Юшчанку ў ролі аўтарытарнага лідэра, які згортвае дэмакратычныя заваёвы, з такімі цяжкасьцямі здабытыя ім жа самім два гады таму на Майдане. Увогуле, Украіна цяпер пракладае ўласны няпросты і супярэчны шлях да дэмакратыі. Аранжавая рэвалюцыя 2004-05-га гадоў, як выявілася, была толькі пачаткам гэтага шляху. Устойлівай і стабільнай дэмакратычнай сыстэмы ўлады стварыць у краіне пакуль не ўдалося. На нашых вачах адбываецца яшчэ адна такая спроба. Вядома, у выніку вострага палітычнага крызысу магчымыя розныя неспадзяваныя наступствы, у тым ліку й небясьпечныя для Ўкраіны. Але зьвярніце ўвагу: ніводная з палітычных сіл, што задейнічаны ў канфлікце, не выступае за адмену дэмакратычных інстытутаў ці ўзурпацыю ўлады.

Наша слухачка, настаўніца-пэнсіянэрка Ірына Зарэчная з Барысава, выказвае ўласнае меркаваньне пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі:

“Самыя лепшыя, самыя актыўныя грамадзяне ў нас – за кратамі. І гэты працэс, на маю думку, будзе працягвацца. Людзі (у тым ліку й я) – у пастаянным страху. Ня хочацца паўтарыць лёс Садоўскай альбо быць пакалечанай міліцэйскімі дубінкамі. А страх – пачуцьцё моцнае, адолець яго ў сабе цяжка. Ды гэта нічога й ня дасьць. Рэжым дзеля таго ж існуе, каб душыць любую іншую думку.Дзеля гэтага ім не шкада ніякіх грошай. Паглядзіце, якія заробкі і пэнсіі ў міліцыі, чыноўнікаў, спэцслужбаў, арміі…”

Далей спадарыня Зарэчная зважае на нядаўнюю заяву Міністэрства ўнутраных спраў аб тым, што значная частка асабовага складу беларускай міліцыі пакутуе на такую хваробу, як мэтабалічны сындром (а прасьцей кажучы, празьмерная вага, атлусьценьне):

“Думаеце, гэта выпадкова? Заробкі ў іх такія, што дазволіць сабе на стол яны могуць значна болей, чым настаўнік або рабочы (ня кажучы ўжо пра калгасьніка). А фізычных (ды й разумовых) нагрузак – амаль ніякіх. Як вынік, у іх (маладых і здаровых) – гіпэртанія, хваробы сэрца… Вось міністар пра іх і клапоціцца. Няма сумневу, што знойдуцца і сучаснае абсталяваньне, і добрыя шпіталі. Гэта простаму чалавеку трэба ісьці ў лякарню са сваімі лекамі, а для іх – усё дзяржаўнае. Платная мэдыцына ў нас даступная нямногім. Бясплатна лячыць няма чым. Прэзыдэнт раіць займацца хакеем і лыжамі. Але ці дапаможа гэта старым і хворым? Можа, трэба ўсё ж найперш думаць пра абсталяваньне больніц, а не лядовых палацаў? У нас у Барысаве (а ён немалы) на ўвесь раён і горад – адзін невялікі шпіталь на ўсе хваробы і адзін раённы – для “сардэчнікаў”. Атрымаць мэдычную дапамогу цяжка. І чым далей, тым больш паглыбляецца расслаеньне грамадзтва на багатых і бедных. Вось так і жывём. Вёска мала думае пра будучыню. Нашым старым – абы не было вайны і былі макароны… А тое, што без вайны народ вымірае – гэта мала каго хвалюе. Прагноз мой на будучыню вельмі пэсымістычны. На жаль, усе спробы апазыцыі штосьці зьмяніць пакуль бязвыніковыя”.

Апазыцыя й ня здолее нічога дамагчыся, калі ня будзе падтрымана большасьцю грамадзтва. Многія цяперашнія лёзунгі апазыцыйных лідэраў – пра неабходнасьць дэмакратычных рэформаў, падзел улады, свабоду мэдыяў – для большасьці людзей далёкія і ня надта зразумелыя. А вось тое, пра што напісала Ірына Зарэчная, балюча закранае кожнага. Чаму на лядовыя палацы грошы ў дзяржавы ёсьць, а на абсталяваньне новай тэхнікай шпіталю і забесьпячэньне працы лекарам, якія ўцякаюць ад жабрацкіх заробкаў, сродкаў чамусьці не хапае?

Развагу пра лёс беларускай вёскі і беларускага сялянства, у якой за апошнія месяцы ўдзельнічалі многія нашы слухачы, доўжыць у лісьце на “Свабоду” Мікалай Шуміла з Кобрына:

“Я нарадзіўся ў ’25-м годзе. Рознае пабачыў на сваім вяку. Перажыў чатыры розныя рэжымы ўлады (уключна зь цяперашнім лукашэнкавым). Часта задумваюся: калі ж за гэтыя восемдзесят гадоў найлягчэй было беларускаму селяніну? І ведаеце, даводзіцца прызнаць, што найлепш было за Пілсудскім. Галоўнае, што тады людзі працавалі на сябе. Ніхто ім нічога не даваў, але й ад іх не забіраў. І за кароткі час жыцьцё палепшылася. Так, улада тая была польская, і ў школе нас тады змушалі гаварыць па-польску. Але па-за школай гавары хоць па-габрэйску – ніхто нічога не забараняў. А ў нас цяпер паспрабуй загавары па-беларуску… Галоўнае ж тое, што за гады камунізму людзей адарвалі ад зямлі. Калгасы – гэта жабрацтва і рабства. Думаю, Лукашэнка й сам бачыць, як гаспадараць у калгасах. Праз два тыдні пасьля жніва пожня зелянее, нібы наноў засеяная. Гэта што, прыбытак? Колькі жыта, бульбы, буракоў застаецца зімаваць на палях! І так штогод. У калгасе калі ня згніе – дык высахне. У прыватнага гаспадара ўсё па-іншаму. Баліць мне душа за вёску. Хочацца пакінуць нашчадкам нешта значнае. Хочацца мець свой хатні хлеб, сьпечаны з уласнай мукі. Тады я ведаў бы, з чаго гэты хлеб зроблены. Але дзеля таго трэба вярнуць вяскоўцу ня менш за пяць гектараў зямлі – як было пры паляках да ’39-га году”.

Вы, спадар Шуміла, вядома, і сам разумееце: праблема тут ня толькі ў тым, што ўлада ня хоча вяртаць зямлю яе ранейшым уласьнікам. Ці пажадаюць Вашы ўнукі і праўнукі атрымаць тыя пяць гектараў, якія Вы ў свой час палівалі ўласным потам, атрымаўшы іх у спадчыну ад бацькоў і дзядоў? Камуністычны калгасны экспэрымэнт разбурыў звыклы сялянскі лад жыцьця, разарваў сувязь пакаленьняў, расьцярушыў па сьвеце пазбаўленых зямлі і ўласнасьці сялянскіх сыноў і дачок. І вярнуць тое, што было шэсьцьдзесят год таму, наўрад ці магчыма. Хоць у галоўным Вы, спадар Шуміла, безумоўна, маеце рацыю: ня будзе парадку на зямлі, пакуль няма гаспадара.

На заканчэньне – некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну піша:

“Я сканчаю сваю настаўніцкую кар’еру: увосень – пэнсійны ўзрост. Скажу так: цяпер школа стала мясарубкай для дзяцей. Бадай, ніколі іх так ня ціснулі ідэалёгіяй. Сьведамых настаўнікаў (настаўніц) – мала. Калі й ёсьць, дык пад жорсткім ціскам. Настаўніцы па-канфармісцку паслухмяна выконваюць усе ідыёцкія дырэктывы, дурманячы моладзь, нібы быдла, заганяючы яе ў клакёры рэжыму. Дыктатарскія рэжымы не эвалюцыянуюць – яны стагнацыйныя. І ад тутэйшага чакаць эвалюцыі не выпадае. Эвалюцыянаваць можа грамадзтва. Але нашы навукоўцы ды інтэлектуалы мала пашчыравалі дзеля гэтага”.

І яшчэ адзін ліст, аўтар якога – Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну – падае свой роздум пра будучыню беларускай мовы і ролю так званай “трасянкі”:

“Што нарадзіў народ, – нарадзіла прырода. Дакладней, яна стварыла “трасянку” як імунітэт ува ўмовах найбольшай пагрозы жыцьцю нашай нацыі. У часе роспачы і паняверкі зусім лягічным было б лічыць “трасянку” пераходнай мовай, якая самім народам і жыцьцём створана дзеля самазахаваньня. Карыстаньне яе ўсё ж не такое фальшывае, як карыстаньне наскрозь чужой для нас мовы суседа.”

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG