Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей Льва Сапегі адзначаецца ў рэгіёнах Беларусі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў розных рэгіёнах Беларусі адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да 450-годзьдзя выдатнага дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў, усе аблвыканкамы, акрамя Магілёўскага, даслалі праграмы мерапрыемстваў, ініцыяваныя ТБМ.

Спадар Трусаў цытуе ліст ад намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Леаніда Цупрыка: “Сёлета будзе ўсталяваны памятны знак у гонар Льва Сапегі ў былым мястэчку Ружаны, дзе ў XYI стагодзьдзі знаходзілася рэзыдэнцыя канцлера Вялікага Княства Літоўскага. У музэі-сядзібе “Пружанскі палацак”адчыняецца тэматычная экспазыцыя. Творчая вечарына па юбілейнай тэматыцы адбудзецца ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце”.

На ініцыятыву ТБМ, Таварыства беларускай школы, грамадзкага Фонду імя Льва Сапегі і іншых недзяржаўных арганізацыяў у навучальных установах Беларусі сёньня адбываюцца лекцыі й сэмінары. Лідзкі гісторыка-краязнаўчы музэй праводзіць выставу і дні музэя ў школах. У Нясьвіжы новая вуліца атрымае імя Льва Сапегі. Вывучаецц такая ж магчымасьць і ў Менску.

Аднак да юбілею так і не рэалізавалі праект першага ў Беларусі помніка канцлеру ВКЛ. Ёсьць афіцыйнае рашэньне Беларускага мастацка-экспэртнай рады пры Міністэрстве культуры ўсталяваць манумэнт у Слоніме. Аднак аўтар помніка Льву Сапегу, вядомы беларускі скульптар Іван Міско кажа, што дзяржава пакуль ня выдаткавала на гэтую працу ніводнага рубля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG