Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адзначаюць ўгодкі канцлера Льва Сапегі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня спаўняецца 450 гадоў з дня нараджэньня Льва Сапегі. Палітычны, грамадзкі і вайсковы дзеяч, дыплямат і мысьляр паходзіў са старажытнага роду аршанскай шляхты. У спадчыну нашчадкам ён пакінуў Статут Вялікага Княства Літоўскага, які быў напісаны на беларускай мове.

Прафэсар Анатоль Грыцкевіч рыхтуе новую кнігу пра Льва Сапегу. Аўтар кажа, што Статут ВКЛ, у прыватнасьці, упершыню абвяшчаў ідэю верацярпімасьці, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгі альбо злачынствы ў няволю.

“Гэты збор законаў быў фактычна першы ва Ўсходняй Эўропе, быў адлюстраваньнем таго, што юрыдычная навука ў Эўропе зрабіла. Статут дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі, Літвы й правабярэжнай Ўкраіны ажно да XIX cтагодзьдзя. У Беларусі быў скасаваны царызмам, а менавіта Мікалаем І, у 1848 годзе. Настолькі ён быў распрацаваны”.

Са словаў Анатоля Грыцкевіча, нават цяпер у Сарбонскім унівэрсытэце студэнты юрыдычнага факультэта цягам сэмэстру студыююць дакумэнт, які рэдагаваў Леў Сапега.

А якая памяць пра аўтара старажытнага беларускага права на яго радзіме – у вёсцы Астроўна, што ў цяперашнім Бешанковіцкім раёне? Гутару з дырэктарам мясцовай школы Іосіфам Антонавым.

“Помнік стаіць. Невялікі такі камень. Гады два таму ўсталявалі. Дошкі мэмарыяльнай там не было”.

Цікаўлюся ў дырэктара, ці ўшануюць годна памяць пра Льва Сапегу ў аграгарадку, якім абвешчана Астроўна?

“Вой, які гэта аграгарадок?! Ім да аграгарадка, як мне да Бэрліну пехам ісьці. Справы мусяць адпавядаць, а не таму, што яны заяўляюць”.

Сёньня грамадзкія арганізацыі ў Лідзе, Горадні, Слоніме ўдзельнічаюць у адкрыцьці музэйных ды кніжных выставаў. Да рыцарскага турніру рыхтуецца патрыятычная моладзь у Ружанах. У Нясьвіжы адна з новых вуліцаў атрымае імя вялікага гетмана. Ініцыятары гэтага – грамадзкі фонд Льва Сапегі, Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай мовы. А чаму ўлада практычна ігнаруе юбілей Льва Сапегі? Над пытаньнем разважае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

“Асобы кшталту Сапегі для цяперашняй беларускай улады застаюцца бясконца чужымі. Бо ўсё тое, што актыўна працуе на беларускую нацыянальную ідэю, у рэжыму выклікае насьцярогу.

Калісьці Аляксандар Лукашэнка згадваў Сапегу ў адным са сваіх выступаў, што натхніла Віктара Шалкевіча на ягоную вядомую песьню пра таварыша Сапегу...”
Леў Сапега (4.4.1557–7.7.1633). Беларускі дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Са старэйшай, чарэйскай лініі магнацкага роду Сапегаў, сын Івана Сапегі, старосты драгічынскага і падстаросты аршанскага, і Багданы Друцкай-Саколінскай. Пісар вялікі ВКЛ у 1581–85, падканцлер у 1585–89, канцлер у 1589–1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Добра ведаў замежныя мовы. У 1584 ва ўзросьце 27 гадоў падпісаў у Маскве пагадненьне аб новым перамір''і. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданьне ў віленскай друкарні Мамонічаў. 3 1589 як канцлер стаў кіраўніком замежнай і ўнутранай палітыкі ВКЛ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG