Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Канаплёў шукае сустрэчы з Грызловым?


Уладзімер Глод, Менск Паводле кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва, ён плянуе сустрэцца ў Маскве са старшынём Дзярждумы Расеі Барысам Грызловым. Беларускі сьпікер будзе прасіць расейскага калегу дапамагчы выправіць так званыя саюзныя дачыненьні.

Уладзімер Канаплёў гаворыць, што пра асабістую неафіцыйную сустрэчу ў Маскве з Барысам Грызловым ён дамовіўся, калі нядаўна быў праездам у сталіцы Расеі. Мэту размовы двух сьпікераў вызначае так:

“Вельмі няпростыя цяпер беларуска-расейскія дачыненьні. І ўсім нам, у тым ліку і парлямэнтарам, неабходна працаваць, каб іх зрушыць зь мёртвага пункту. І таму мы будзем перадусім працаваць праз тых дэпутатаў, якія ўваходзяць у склад Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі. Лічу, што ў любым выпадку Расея ёсьць Расея, і нашы дачыненьні неабходна паляпшаць”.

Менскі палітоляг Ігар Лялькоў зьвяртае ўвагу на тое, што паездцы Ўладзімера Канаплёва надаецца неафіцыйны статус. На ягоную думку, гэта робіцца невыпадкова.

“Я мяркую, што хутчэй за ўсё спадар Канаплёў паедзе туды як прадстаўнік прэзыдэнта Лукашэнкі. Вядома, што Лукашэнка доўга і ўпарта дамагаўся асабістай сустрэчы з Пуціным. Але яму яўна далі зразумець, што бліжэйшым часам гэта немагчыма. Таму гэта спроба, кажучы па-расейску, “не мытьем, так катаньнем”.

Я ня думаю, што спадар Канаплёў сам усур’уз верыць, быццам парлямэнцкія структуры, якія і ў Беларусі, і ў Расеі ёсьць цалкам ручныя і цалкам кантралююцца адміністрацыяй прэзыдэнта, здольныя на самастойныя крокі. У тым ліку, і па наладжваньню міждзяржаўных адносінаў”, – гаворыць Лялькоў.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў яшчэ год таму жыў у Менску. Ён нагадвае, што сёлета ў Расеі пройдуць парлямэнцкія выбары. “Наўрад ці хто рызыкне выступіць лабістам Аляксандра Лукашэнкі”, – кажа маскоўскі экспэрт.

“Усё гэтае лабіраваньне інтарэсаў Беларусі, нават не Беларусі, а рэжыму, які там знаходзіцца ва ўладзе, пагражае сур’ёзнымі канфліктамі ў апошнія месяцы перад думскімі выбарамі. Вельмі проста можна атрымаць кляймо пятай калёны, праплочанай лабісцкай калёны. Таму, я думаю, нават тыя расейскія палітыкі, хто і хацелі б пагуляць на гэтай глебе, некалькі разоў усё ўзважаць і прадумаюць – а ці патрэбна за гэта брацца?”
XS
SM
MD
LG