Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Латвія запатрабуе ад Беларусі кампэнсацыю


Радыё Свабода Латвійскі прэм’ер-міністар Айгарс Кальвіціс заявіў, што аварыя на нафтаправодзе Ўнеча-Вэнтспілс непадалёк ад Бешанковічаў “ня выклікала экалягічнай катастрофы, аднак шкоду навакольнаму асяродзьдзю Латвіі нанесла”.

Выступаючы перад журналістамі, Айгарс Кальвіціс сказаў: “Мы зьвернемся да Беларусі, каб яна кампэнсавала ўсе нашы выдаткі”. Як паведамляе выданьне Baltic Times, кіраўнік латвійскага ўраду падзякаваў усім спэцыялістам, у тым ліку і замежным, якія цягам тыдня здолелі ачысьціць Даўгаву ад нафтавай плямы.
“Мы зьвернемся да Беларусі, каб яна кампэнсавала ўсе нашы выдаткі”
Тым часам дзяржсакратар МУС Латвіі генэрал Айварс Страўмэ ў размове з журналістамі падкрэсьліў, што “беларускія ўлады абавязаныя думаць, як прадухіліць падобныя аварыі”. Паводле генэрала Страўмэ, вялікая частка беларускіх трубаправодаў знаходзіцца ў аварыйным стане. “Беларусі неабходна правесьці праверку ды зрабіць усё, каб пераадолець магчымую экалягічную пагрозу”, – заявіў дзяржсакратар МУС Латвіі.
“Беларусі неабходна зрабіць усё, каб пераадолець магчымую экалягічную пагрозу”
Нафтаправод Унеча-Вэнтспілс належыць расейскаму прадпрыемству “Запад-Транснефтьпродукт” кампаніі “Транснефтьпродукт”. Трубаправод быў пабудаваны ў савецкі час, каб зьвязаць Расею з балтыйскімі партамі.
“...уся адказнасьць за аварыю павінна быць ускладзеная на “Транснефтьпродукт”
У Беларусі лічаць, што ўся адказнасьць за аварыю павінна быць ускладзеная на “Транснефтьпродукт”. Паводле намесьніка міністра прыродных рэсурсаў Аляксандра Апацкага, размова ідзе пра забруджаньне ня толькі басэйна Заходняй Дзьвіны, але і глебы. Як сьцьвярджаюць у міністэрстве, дакладныя падлікі выдаткаў на пераадоленьне экалягічных наступстваў у Латвіі і Беларусі могуць быць завершаныя 6-8 красавіка. Паводле папярэдніх падлікаў, гэта мільярды беларускіх рублёў.
“Абвінавачаньні беларускіх уладаў – інструмэнт ціску на Расею”
У сваю чаргу, расейскі бок лічыць, што Менск «сьвядома накаляе сытуацыю». У размове з выданьнем «Правда.Ру» палітоляг і старшыня рады дырэктараў расейскай кансалтынгавай кампаніі «Бакстер-групп» Дзьмітрый Гусеў сказаў, што «Менск імкнецца скарыстаць сытуацыю, каб перагледзець расейска-беларускія пагадненьні па нафце і газе». Паводле ягоных словаў, абвінавачаньні беларускіх уладаў на адрас «Запад-Транснефтепродукт» трэба разьглядаць як «інструмэнт ціску на Расею».
Уцечка паліўнага дызэлю з нафтаправоду Ўнеча- Вэнспілс ў Заходнюю Дзьвіну адбылася ў пятніцу, 23 сакавіка. Як пісала раней Baltic Times, беларускія ўлады паінфармавалі пра гэта Рыгу толькі праз 17 гадзін пасьля здарэньня, не паведамілі яны і пра памеры ўцечкі.
Гл. таксама

• Пляма беларускай саляркі ў латыскіх водах дасягнула 150 кілямэтраў

• Віцебшчына: аварыя на нафтаправодзе "Унеча – Вэнтспілс"
XS
SM
MD
LG