Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў Беларусі мільянэраў?


Іна Студзінская, Менск Старшыня праўленьня “Пріорбанку” Сяргей Касьцючэнка днямі заявіў, што ў Беларусі ад 7 да 10 тысяч даляравых мільянэраў. І нават два зь беларускіх мільянэраў маюць легальныя рахункі ў “Пріорбанку”. Дзе захоўваюць свае зьберажэньні астатнія? Ці магчыма ў Беларусі сумленна зарабіць мільёны даляраў? Хто гэтыя багацеі?

Прэсавая служба “Пріорбанку” камэнтаваць заявы кіраўніка банку не ўпаўнаважаная, але інфармацыю пра наяўнасьць двух заможных кліентаў банку пацьвердзіла.

Часопіс “Форбс” рэгулярна публікуе сьпісы самых багатых людзей сьвету. У гэтым рэйтынгу шмат расейцаў, ёсьць украінцы, казах, грузін. Вось толькі ніводнага беларуса! Пры сярэднім заробку ў Беларусі ў 300 даляраў ў месяц цяжка ўявіць, адкуль тут такія багацеі. Таму заява банкіра Касьцючэнкі стала сэнсацыяй. Праўда, ні ў адным іншым банку сваіх багатых кліентаў, так бы мовіць, не здалі. Тэлефаную прэсаваму сакратару “Беларусбанку” Сяргею Верашчаку.

Карэспандэнтка: “Не называючы прозьвішчаў, сярод кліентаў “Беларусбанку” ёсьць вельмі багатыя людзі?”

Верашчак: “Без камэнтароў”. Гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Ёсьць ці няма – я ні пацьвердзіць, ні зьняпраўдзіць не магу. У нашым сьвеце ўсё адносна. І падлікі гэтыя таксама ўмоўныя. Сёньня ў вас каштоўныя паперы, а заўтра яны могуць абясцэніцца. А па-другое, ад сумы ды ад турмы не заракайся”.

Нават калі ў кожным з двух дзясяткаў беларускіх банкаў і ёсьць па пару кліентаў – мільянэраў, як у “Пріорбанку”, то ўсё адно іх на парадак менш, чым мяркуе спадар Касьцючэнка, лічыць экс-старшыня Нацыянальнага банку, прафэсар Станіслаў Багданкевіч.

Багданкевіч: “Я думаю, што даляравых мільянэраў 7 тысяч няма. Ёсьць мільянэраў 500, можа, 1000. Але ня 7 тысяч”.

Карэспандэнтка: “А на вашу думку, можна ў Беларусі сумленна, легальна зарабіць мільён?”

Багданкевіч: “У Расеі – нафта, газ, іншая сыравіна. А ў нас адкуль?”

Карэспандэнтка: “А адкуль тыя мільёны? На чым людзі зарабляюць?”

Багданкевіч: “Я думаю, гэта чыноўнікі, якія вакол улады круцяцца”.

Старшыня Беларускага Саюзу прадпрымальнікаў прафэсар Аляксандар Патупа таксама прызнаў, што мільянэры ў Беларусі ёсьць. А вось чаму сьпісы іх ніколі не публікаваліся, выказаў такое меркаваньне:

“У нашым рэйтынгу больш будзе чыноўнікаў, а не бізнэсоўцаў. Як “партыя і народ адзіны”, так і сярод чыноўнікаў і бізнэсоўцаў не зразумела, хто больш бізнэсоўца. Розныя падлікі, розныя ацэнкі, колькі іх. Але яны ёсьць”.

Безумоўна, ёсьць мільянэры сярод беларускіх знакамітасьцяў, але грошы яны зарабілі не ў Беларусі: спартоўцы Максім Мірны, Аляксандар Глеб, Руслан Салей; поп-зоркі Юры Антонаў, Алена Сьвірыдава, кампазытары Ігар Карнялюк, Эдуард Ханок. Дый жывуць яны па-за межамі Бацькаўшчыны. І наўрад ці грошы свае захоўваюць у беларускіх банках. Паслухаем экс-старшыню Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча.

“Ёсьць інструкцыя Нацыянальнага банку, калі чалавек пераводзіць праз банк 5 тысяч эўра, то пра гэта тэрмінова паведамляецца органам КДБ, у Камітэт дзяржкантролю. Ёсьць справаздачнасьць камэрцыйных банкаў Нацыянальнаму банку. І калі ёсьць вялікія прыбыткі, яны ляжаць дзе-небудзь у банках Расеі, Украіны, Прыбалтыкі, на Кіпры”.

Старшыня праўленьня «Пріорбанка» Сяргей Касьцючэнка прапануе прыцягнуць сродкі беларускіх мільянэраў на рахункі ў беларускія банкі. Ідэя ня новая – Беларускі саюз прадпрымальнікаў ня раз прапаноўваў ураду абвесьціць падатковую амністыю (як у Расеі). Пакуль безвынікова.

Інфармацыі пра самыя вялікія легальныя прыбыткі грамадзянаў за 2006 год Міністэрства па падатках і зборах пакуль не агучыла. А ў 2005 годзе самы вялікі афіцыйна задэкляраваны сукупны гадавы даход быў 800 мільёнаў беларускіх рублёў (прыкладна 400 тысяч даляраў). Падаткі склалі амаль 60 тысяч даляраў. Такім чынам, нават самаму багатаму беларусу, які не хавае сваіх прыбыткаў (значыць, зарабіў сумленна) -- на той самы мільён даляраў трэба працаваць больш за 3 гады.
XS
SM
MD
LG