Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Лёндане ўбачаць фільм “Урок беларускай мовы”


Алесь Дашчынскі, Менск Моладзевы актывіст Франак Вячорка знаходзіцца ў Лёндане з нагоды дэманстрацыі фільму “Ўрок беларускай мовы”. У імпрэзе бярэ ўдзел вядомы ангельскі драматург Том Стопард.

Сёньняшняя імпрэза, якую ладзіць у Лёндане “Міжнародная амністыя”, прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі. У ёй бярэ ўдзел вядомы пісьменьнік, ганаровы сябра “Міжнароднай амністыі” Том Стопард, які нядаўна наведаў Беларусь.

Герой фільму “Ўрок беларускай мовы”, моладзевы актывіст Франак Вячорка апавёў:

“Першапачаткова мусіў быць паказаны фільм “Плошча” Юр’я Хашчавацкага, і ўдзельнікам імпрэзы мусіў быць Юры Хашчавацкі, аднак “Міжнародная амністыя” пабачыла ў фільме “Плошча” залішнюю палітызаванасьць і нават нейкую палітычную крамолу. І тады яны вырашылі паказаць “Урок беларускай мовы” — як фільм больш прывязаны да правоў чалавека, чым да палітыкі”.

Фільм апавядае пра падзеі 2005—2006 гадоў, падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Яго зьняў польскі рэжысэр Міраслаў Дэмбіньскі. Стужка паказвае беларускую рэчаіснасьць вачыма выпускніка зьліквідаванага ўладамі гуманітарнага ліцэю Франака Вячоркі.

“Зьвязана гэта з тым, што я тады заканчваў беларускі ліцэй, а Міраслаў Дэмбіньскі вельмі шчыльна кантактаваў зь ліцэістамі й кіраўніцтвам ліцэю, і ён вырашыў праз маю асобу паказаць усе гэтыя падзеі. І на маім месцы мог апынуцца любы малады чалавек, які сёньня працуе ў Беларусі на карысьць незалежнасьці й свабоды. “Урок беларускай мовы” — гэта ёсьць адкрыцьцё краіны, яе палітычнага, культурніцкага, сацыяльнага жыцьця”, — апавёў Вячорка.

Падчас знаходжаньня ў Лёндане Франак Вячорка сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, кіраўніцтвам “Міжнароднай амністыі”, з намесьнікам міжнароднага сакратара партыі кансэрватараў і прадстаўнікамі фракцыі кансэрватараў у брытанскім парлямэнце.

Франак Вячорка паведаміў, што “Міжнародная амністыя” праводзіць шырокую кампанію ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.

Дэманстрацыя фільму “Ўрок беларускай мовы” ў Лёндане адбылася напярэдадні суду над бацькам Франака Вячоркі, старшынём Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам.
XS
SM
MD
LG