Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пашкевіч: “Ва Ўкраіне наноў момант ісьціны”


Ганна Соўсь, Менск Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч уважліва сочыць за падзеямі ва Ўкраіне. Ён падтрымлівае кантакт з Уладзімерам Яварыўскім, старшынём камісіі Вярхоўнай Рады і старшынём Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны.

Алесь Пашкевіч параўноўвае цяперашнія ўкраінскія падзеі з тым, што адбывалася ў Беларусі падчас супрацьстаяньня Аляксандра Лукашэнкі й Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня — аднак адбываецца дакладна адваротнае:

“Калі ў нас дэмакратычным гарантам выступаў Вярхоўны Савет, то ва Ўкраіне, як мне падаецца, такім гарантам становіцца кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт. Паколькі я добра ведаю, як настроеная цяперашняя апазыцыя, зь першых вуснаў, то мне здаецца, што якраз момант ісьціны наноў ва Ўкраіне цяпер.

Калі можна падумаць, што прэзыдэнт Украіны крыху адступіў і страціў непасрэдны ўплыў на многія міністэрствы, дык цяпер — момант ісьціны. Калі ў незалежнай і дэмакратычнай Украіне хопіць сілаў і прэзыдэнту, і парлямэнцкай апазыцыі выстаяць, мы зноў будзем ганарыцца нашай суседкай — славянскай Украінай”.

Летась да 15-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны Алесь Пашкевіч, а таксама Ніл Гілевіч і Сяргей Законьнікаў атрымалі ад прэзыдэнта Юшчанкі дзяржаўныя ўзнагароды Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG