Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць апазыцыі не аціхаюць


Алег Грузьдзяловіч, Менск Не спыняецца перасьлед дэмакратычных актывістаў: пачатак тыдня адзначаны судамі ў Магілёве, на чарзе працэсы ў Менску. Палітыкі мяркуюць, што ўлады пачалі падрыхтоўку да адзначэньня апазыцыяй чарговай гадавіны Чарнобыля.

Магілёўскія актывісты Антон Усьцімчук і Яўген Сувораў сёньняшні дзень сустрэлі ў мясцовым ізалятары для адміністрацыйна-арыштаваных. Учора юнакоў асудзілі паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве да арышту на 7 сутак. Пратаколы аб гэтых парушэньнях былі складзеныя яшчэ 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, калі ў шмат якіх рэгіёнах Беларусі затрымлівалі апазыцыйных актывістаў.

Пасьля сьвята некаторыя дэмакраты чакалі аслабленьня рэпрэсіяў. Замест гэтага вынесены прысуды ў Магілёве, адбыўся ператрус у кватэры сябра партыі БНФ Уладзіміра Кішкурны ў Менску. Вядомы апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык падзяліўся сваім меркаваньнем адносна чарговай хвалі рэпрэсіяў.

“Крымінальная справа паводле гэтак званых беспарадкаў на Дзень Волі, якую напярэдадні 25-га сакавіка завялі ўлады, не закрытая. Ёсьць інфармацыя з сілавых структур, што гэтая справа будзе выкарыстаная супроць арганізатараў Чарнобыльскага шляху”.

Вячаслава Сіўчыка таксама чакае адміністрацыйны суд – 4-га красавіка ягоную справу разгледзіць судзьдзя Аксана Рэлява. Пратакол на Сіўчыка быў складзены яшчэ 13-га сакавіка: нібыта брыдкасловіў, чапляўся да мінакоў. Гадзінай раней у той самы дзень будуць судзіць старшыню партыі БНФ Вінцука Вячорку.

Напярэдадні значных апазыцыйных акцый рэпрэсіі супраць дэмакратычнага актыву абвастраюцца, – кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.

“Гэта нейкі натуральны стан, у нас ён ніколі не спыняецца. Заканчваецца адна кампанія, пачынаецца другая, а хвасты ад папярэдняй цягнуцца яшчэ некалькі месяцаў. Таму гэта неяк плаўна пераходзіць адно ў другое”.

Днямі ў Менскай гарадзкой пракуратуры выставілі абвінавачаньне пяці актывістам “Маладога фронту”. Барыса Гарэцкага, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага, Насту Палажанку і Зьмітра Хведарука вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, ім пагражае да 2 гадоў зьняволеньня. Ужо 4-га красавіка справу накіруюць ў суд, кажа Наста Палажанка , спасылаючыся на сьледчага Сяргея Грахоўскага.

“Спадар Грахоўскі нам заявіў, што часу для азнаямленьня са справай у нас было дастаткова, і адмовіўся падтрымліваць нашы хадайніцтвы аб тым, каб яшчэ на месяц працягнуць азнаямленьне. Відавочна, яны нацэленыя як мага хутчэй адправіць справу ў суд”.

Гл. таксама

• У справе “Маладога фронту” ўжо пяцёра абвінавачаных

• Андрэя Клімава абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG