Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пагоня” разам зь іншымі ў Палацы мастацтва


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску ў Палацы мастацтва адчыняецца вялікая выстава творчае суполкі “Пагоня”, прысьвечаная Дню Волі. Адметнасьць яе ў тым, што ў экспазыцыі побач з творамі “пагонеўцаў” будуць суседнічаць працы і не сяброў суполкі, а таксама творы папярэднікаў сёньняшніх мастакоў.

Экспазыцыя мае назоў “Разам”. Куратар выставы мастак Сяржук Цімохаў тлумачыць, што слова гэтае не выпадкова зьявілася на афішы выставы, якую традыцыйна да Дня Волі ладзіць творчая суполка “Пагоня”:

“Арганізатары выставы пад гэтай назвай якраз і ўяўлялі сабе ідэю спалучыць, аб’яднаць разам творчы актыў для таго, каб засьведчыць, што мы, мастакі, разам за нашу незалежную Беларусь, за нацыянальную культуру, за беларускую мову, за беларускую гісторыю, за тое, каб зноў не перарабляліся падручнікі”.

Разам – гэта значыць і маладыя, і сталыя мастакі, гэта сябры і не сябры суполкі “Пагоня”. Будуць таксама выстаўленыя творы клясыкаў беларускага мастацтва Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука, Лявона Баразны, Яўгена Куліка.

Працаў для экспазыцыі было прадстаўлена значна больш, чым можа ўмясьціць вялікая заля Палацу мастацтва. Таму арганізатары, нягледзячы на тэматычную скіраванасьць твораў, мусілі датрымлівацца строгага эстэтычнага прынцыпу, зазначае Сяржук Цімохаў:

“Як бы нас ні лучыла, ні яднала наша грамадзянская пазыцыя, найперш былі мастацка-эстэтычныя крытэрыі”.

Традыцыя вялікай вясновай выставы “Пагоні” ў Палацы мастацтва колькі апошніх гадоў была парушаная – улады праз усялякія прычыны адмаўлялі суполцы ў гэтай залі. Сёлета, кажа спадар Цімохаў, дасягнуты пэўны кампраміс:

“Зразумела, што гэта не 25 сакавіка, але тым ня менш – гэта ўсё ж такі вясновае сьвята і гэта той яшчэ настрой, той дух. Пэўны кампраміс быў і трэба сказаць, што я ня ведаю, зь якой нагоды, але мы сёлета вось дамагліся, каб гэтая заля была”.

Адкрыцьцё выставы “Пагоні” ў Палацы мастацтва адбудзецца а 17-й. Яна будзе доўжыцца да 13 красавіка.
XS
SM
MD
LG