Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найстарэйшаму джазаваму гурту Беларусі – 30 гадоў


Зьміцер Падбярэскі, Менск 1 красавіка старэйшы беларускі джазавы калектыў — ансамбаль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” адзначыў 30-годзьдзе існаваньня. Аднак ніякіх урачыстасьцяў з нагоды гэтай не абы якой для беларускай музыкі даты не адбылося.

30-годзьдзе існаваньня музычнага калектыву для Беларусі — факт амаль сэнсацыйны. Дэбютаваў ён як аматарскі ансамбаль у дзень адкрыцьця Менскага клюбу аматараў джазу пад назовам “Маэстра дыксілэнд”. Цягам 30 гадоў тройчы склад калектыву зьмяняўся амаль кардынальна, у яго прыйшлі прафэсійныя выканаўцы, якія, аднак, успрымалі працу ў “Рэнэсансе” выключна як хобі. Ансамбаль удзельнічаў у мностве джаз-фэстываляў па ўсім СССР, а ў 1998 годзе выступіў у рамках конкурсу “Zlota tarka” на адным са старэйшых джаз-фэстываляў “Old Jazz Meeting” у польскім горадзе Ілаве, дзе і здабыў Гран-пры, апярэдзіўшы 11 падобных польскіх бэндаў. На рахунку ансамбля і выступ на сцэне славутай залі Чайкоўскага ў Маскве. Цяпер калектыў працуе як творчая адзінка Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі, а зь першага яго складу застаўся толькі кіраўнік, барабаншчык Мікалай Лапцёнак.

Лапцёнак: “Найбольш складаным было нейкім чынам утрымаць людзей у гэтым калектыве. А ўсё іншае было, як і ва ўсім: цякучка, замшэласьць, рэпэртуару не хапала, людзі мяняліся, база пастаянна мянялася. Усе калектывы праз гэта прайшлі”.

Тады, на конкурсе ў Ілаве, адзін зь сяброў журы, кіраўнік “Big Warsaw Band” Станіслаў Фіялкоўскі найбольш адметнай рысай творчасьці беларускіх джазмэнаў назваў творчы падыход у асэнсаваньні джазавай клясыкі. І сапраўды, “Рэнэсанс” выконвае зьнешне няхітрыя тэмы традыцыйнага джазу не паводле клясычных партытурах, а паводле аўтарскіх аранжыровак. Вось што адзначае грамадзкі дзеяч Якаў Басін, знаўца гісторыі клясычнага джазу і сьведка дэбюту “Рэнэсансу”.

Басін: “Рэнэсанс” грае ў манеры, якая вядомая ў гісторыі джазу пад назовам “чыкаскі стыль”. Ужываючы спэцыфічныя прыёмы нью-арлеанскага джазу, ансамбаль грае ў іншым рытме, ужываючы аранжыроўкі, напісаныя ў разьліку на аркестравае гучаньне. Цяпер ансамбаль вылучаецца вельмі прыгожым акордавым гучаньнем, і, што найбольш адметна, у ім сабраліся выдатныя музыкі. А тое, што “Рэнэсанс” выжыў у гады папсовага ліхалецьця, — гэта ўжо асабісты подзьвіг яго ўдзельнікаў”.

У рэпэртуары калектыву, які цягам 30 год здолеў выдаць за ўласныя грошы ўсяго толькі два альбомы, поруч з клясыкай маюцца і апрацоўкі беларускіх народных мэлёдыяў. Іх нешматлікасьць Мікалай Лапцёнак тлумачыць вось чым: “Народную музыку можна перарабляць і трэба, і нейкім чынам гэта можна рабіць, але ёсьць пэўныя складанасьці. Каб рабіць нармальны дыксілэнд, трэба дадаваць часткі, нейкім чынам перарабляць гарманічную аснову. Каб у стылі было! Дыксілэнд — гэта настолькі жорсткія рамкі, што, як кажуць, улева-управа-ўбок — гэта ўцёк! Вывальваесься са стылю, таму мы й не называемся дыксілэндам, мы называемся ансамблем традыцыйнага джазу. Мы ўключаем у рэпэртуар беларускія п’есы, робім іх аранжыроўкі, але гэта як калярыт, як прыналежнасьць”.

Сьвяткаваньне 30-годзьдзя “Рэнэсансу” адбудзецца ўвосень гэтага году. Пры ўмове, калі музыканты знойдуць грошы, каб сабраць на адной сцэне па магчымасьці ўсіх тых, хто некалі выступаў пад гэтым назовам.
XS
SM
MD
LG