Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: двое актывістаў асуджаныя на сем сутак


Радыё Свабода Моладзевыя актывісты Антон Усьцімчук ды Яўген Сувораў сёньня асуджаныя Ленінскім судом Магілёва на сем сутак адміністрацыйнага арышту. Амаль трое сутак яны ўжо адседзелі да суду. 26 сакавіка судзьдзі разгляд адміністрацыйных справаў адклалі, бо ў актывістаў не было адвакатаў.

Сёньняшнія суды над моладзевымі актывістамі праходзілі гэтак жа, як і папярэднія. Прысутнасьць на паседжаньні адвакатаў не зьмяніла хады судовага разгляду.

Супраць моладзевых актывістаў сьведчылі міліцыянты, якія затрымлівалі хлопцаў, ды мінакі, якія нібыта бачылі, як актывісты зьдзяйсьнялі правапарушэньні. І тыя, і другія давалі супярэчлівыя паказаньні.

Судзьдзі Сьвятлана Бурака ды Тацяна Рубіс вынесьлі прысуды на падставе паказаньняў абвінаваўцаў. Сваёй віны актывісты не прызналі.

Вось што паведаміў “Свабодзе” па заканчэньні суду Антон Усьцімчук:

“Я думаю, што маё затрыманьне 24 сакавіка зьвязанае з тым, каб не дапусьціць маёй паездкі 25 сакавіка ў Менск. Я дужа шкадую, што мяне там не было. Я ўсьцешаны, што хлопцы, зь якімі сябрую, там былі. Я думаю, што такія прэвэнтыўныя захады будуць і надалей, пакуль у нашай краіне ня будзе дэмакратыі. Я лічу гэты працэс палітычна матываваным”.

Адвакат Яўген Багуслаўскі ў сваім выступе заклікаў судзьдзяў спыніць адміністрацыйныя справы праз адсутнасьць складу правапарушэньня. Ён назваў пратаколы затрыманьняў надуманымі, а паказаньні сьведак з боку абвінаваўцаў шаблённымі й непраўдзівымі.

Вось што паведаміў “Свабодзе” пасьля суду Яўген Багуслаўскі:

“Вынікам не задаволены. Арышт, безумоўна вялікі. Дзеяньні небясьпекі для грамадзтва не ўяўлялі. Прысуджаць такое вялікае пакараньне не было падставаў. Мяркую, будзем пісаць скаргу”.

На судовым паседжаньні, на якім разглядалася справа Антона Ўсьцімчука, прысутнічала ягоная маці Галіна Георгіеўна. Яна не паверыла паказаньням міліцыянтаў:

“Гэтага ня можа быць. Па-першае, чалавек ня п’е, па-другое, не брыдкасловіць. Ён заўжды адэкватны. Я не падтрымліваю ягонай дзейнасьці, і я мала ведаю пра ягоную дзейнасьць, але тое, што ён ня мог гэтак сябе паводзіць — адназначна. Ён дома сябе так не паводзіць, і ў школе і ва ўнівэрсытэце — гэта адназначна”.

Антона Ўсьцімчука і Яўгена Суворава затрымалі 24 сакавіка. Абодвум міліцыянты інкрымінавалі дробнае хуліганства — яны нібыта брыдкасловілі, размахвалі рукамі, на заўвагі грамадзянаў і міліцыі не рэагавалі.

Амаль дванаццаць гадзінаў хлопцаў трымалі ў пастарунку. На Антона Ўсьцімчука міліцыянты надзелі кайданкі. На заўвагу праваабаронцы Барыса Бухеля, што ў гэтым не было патрэбы, міліцыянты адказалі: “Пішыце скаргі”.
XS
SM
MD
LG