Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці распусьціць Віктар Юшчанка Вярхоўную раду?


Валер Каліноўскі, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка сёньня правёў кансультацыі з кіраўніцтвам Вярхоўнай рады і дэпутацкіх фракцыяў. Такія кансультацыі працэдурна неабходныя для магчымага роспуску парлямэнту ўказам прэзыдэнта. Кампрамісу з парлямэнцкай большасьцю Віктар Юшчанка пакуль не знайшоў.

У Юшчанкі “высокі ўзровень рашучасьці”

Паводле прадстаўніка прэзыдэнта Ўкраіны ў Вярхоўнай радзе Рамана Зварыча, у Віктара Юшчанкі “высокі ўзровень рашучасьці” распусьціць Вярхоўную раду, якой кіруе прарасейская большасьць на чале з Партыяй рэгіёнаў Віктара Януковіча. Да прававых падставаў прызначэньня датэрміновых выбараў прэзыдэнт Украіны адносіць фармаваньне кааліцыі шляхам пераманьваньня асобных дэпутатаў з апазыцыйных фракцыяў. На думку спадара Юшчанкі, гэта зьяўляецца рэвізіяй волевыяўленьня грамадзян на выбарах.

“Па-сутнасьці ў краіне фармуецца канстытуцыйны дысбалянс, страчваецца супрацьвага розных галін улады, зьдзяйсьняецца паўзучая і дакладная ўзурпацыя ўлады ў адных руках, у рэшце рэшт, ставяцца пад сумнеў дэмакратычныя ідэалы і каштоўнасьці ў грамадзтве”.

Напярэдадні Віктар Юшчанка вылучыў большасьці Вярхоўнай рады ўльтыматум: каб пазьбегнуць роспуску, ёй трэба зрабіць 7 крокаў, якія б вярнулі балянс паміж галінамі ўлады і аднавілі паўнамоцтвы прэзыдэнта.

А.Мароз: я ня буду выконваць магчымы ўказ прэзыдэнта аб датэрміновых выбарах

Сьпікер Вярхоўнай рады Аляксандар Мароз у адказ заявіў, што юрыдычных падставаў для роспуску парлямэнту няма, і ён ня будзе выконваць магчымы ўказ прэзыдэнта аб датэрміновых выбарах. Тым часам кіруючая кааліцыя рыхтуе свае захады на выпадак роспуску Вярхоўнай рады. Прыхільнікі Януковіча ля сьценаў парлямэнту паставілі 200 намётаў і зьбіраюцца супрацьдзейнічаць захопу будынка. Сам Януковіч патлумачыў апошнія дэманстрацыі ростам дэмакратыі ва Ўкраіне.

56 адсоткаў украінцаў ня хочуць паўторных выбараў Вярхоўнай рады

Кіеўскія палітолягі ацэньваюць верагоднасьць роспуску парлямэнту ў 30 адсоткаў. На думку дырэктара кіеўскага Цэнтру палітычных каштоўнасьцяў Алеся Донія, Юшчанка шантажуе Вярхоўную раду, дамагаючыся такім чынам вяртаньня страчаных паўнамоцтваў. Паводле апошніх зьвестак сацыёлягаў, 56 адсоткаў украінцаў ня хочуць паўторных выбараў Вярхоўнай рады.

Украінскі палітычны крызіс знайшоў адлюстраваньне ў букмэйкерскіх канторах, у якіх большасьць робіць стаўкі на роспуск парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG