Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Том Стопард піша ў “The Times” пра Беларусь


Юры Дракахруст, Прага “Краіна, дзе Шалтай-Балтай сустракаецца са Сталіным” – артыкул пра Беларусь пад такім назовам апублікаваў у брытанскай “The Times” вядомы драматург Том Стопард. Гэты тэкст прымеркаваны да заўтрашняй прэм’еры ў Вялікай Брытаніі кінастужкі “Ўрок беларускай”.

Артыкул Тома Стопарда пачынаецца з цытаваньня прысуду, вынесенага летась Аляксандру Казуліну. Драматург падкрэсьлівае абсурднасьць гумовых фармулёвак “хуліганства” і “групавыя дзеяньні”, прыгадваючы, як у савецкія часы брытанскі філёзаф Энтані Кэні правёў у Чэхаславаччыне прыватны сэмінар па філязофіі Арыстотэля і быў дэпартаваны з ЧССР за “хуліганства”.

Стопард характарызуе мову былой камуністычнай і цяперашняй беларускай юстыцыі словамі героя кнігі Л.Кэрала “Скрозь люстэрка” Шалтая-Балтая: “Калі я бяру слова, яно азначае тое, што я хачу”.

На думку Стопарда, у новай Расеі пакутліва, але нараджаецца дэмакратыя, толькі ў адным кутку былога Савецкага Саюзу час спыніўся. “Тут вы знойдзеце апошні КДБ на абшары былой імпэрыі, апошнія калгасы і апошняга дыктатара Эўропы”, – піша Стопард.

Ён паведамляе, што ў гэты аўторак брытанскі аддзел арганізацыі “Amnesty International” робіць публічны паказ кінастужкі “Ўрок беларускай” з удзелам галоўнага героя фільма – Франака Вячоркі. “Тое, што мы гаворым па-беларуску – гэта пратэст”, – цытуе Стопард Франака Вячорку.

Драматург распавядае ў сваім артыкуле пра леташнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, пра масавыя акцыі на Кастрычніцкай плошчы, цытуе электронныя лісты, якія дасылалі яму ягоныя беларускія сябры – удзельнікі тых падзеяў.

Стопард піша і пра сёлетнюю акцыю 25 сакавіка ў Менску, якая адбылася амаль у гадавіну выбараў. Драматург бачыць злавеснае супадзеньне ў тым, што на наступны дзень пасьля паказу ў Вялікай Брытаніі стужкі пра Франака Вячорку ў Менску перад судом у чарговы раз паўстане ягоны бацька – Вінцук Вячорка.
XS
SM
MD
LG