Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Яднацца з Расеяй" на Бангалор прыйшлі каля дзясятка чалавек


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску на санкцыянаваны ўладамі мітынг з нагоды Дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі сабралася невялікая група людзей — зь дзясятак чалавек. Акцыя павінна была адбыцца ў парку Дружбы народаў.

Мітынг з нагоды Дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі ініцыявалі былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў.

Менскія ўлады не дазволілі ім адзначыць афіцыйнага сьвята ў цэнтры Менску і прапанавалі сабрацца ў парку Дружбы народаў.

На мітынг прыйшоў дзясятак удзельнікаў, а таксама журналісты. Арганізатары ўмацавалі на сцэне бел-чырвона-белы і расейскі сьцягі. Адзін з удзельнікаў прынес зьвязаныя разам расейскі й беларускі чырвона-зялёны сьцягі.



Сяргей Скрабец, Валеры Фралоў і іншыя разгарнулі расьцяжкі “Свабоду Казуліну!” і “З Расеяй без Лукашэнкі!” Акцыя працягвалася некалькі хвілін. Пасьля гэтага Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў адказалі на пытаньні журналістаў.

Чаму ж не адбыўся мітынг? Спадар Скрабец сказаў, што ніводная з палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў не падтрымала ідэю мітынгу:

С.Скрабец: “Калі гэты мітынг нікому не патрэбны апроч нас, то ён і не патрэбны”.
“Мы лічым, што тыя грамадзяне, якія нас падтрымліваюць, — напрыклад, дырэктарскі корпус, пэнсіянэры, вэтэраны — яны пабаяліся прыйсьці. Бо мы крытычна ставімся да сёньняшняй улады, да спадара Лукашэнкі. Мы лічым, што ён нелегітымны.



Але мы былі зьдзіўленыя, што не прыйшлі палітычныя партыі. Калі гэты мітынг нікому не патрэбны апроч нас, то ён і не патрэбны. Любы вынік ёсьць вынікам. Сёньняшняя акцыя паказала і Расеі, што яны сваёй палітыкай, скіраванай на падтрымку толькі аднаго чалавека, грамадзкасьць ад сябе адвярнулі — і гэта вельмі дрэнна”.

Валеры Фралоў сказаў, што і не разьлічваў на масавую акцыю:

В.Фралоў: “Тая прарасейская апазыцыя, якая існуе ў нашай краіне, вельмі неарганізаваная”.
“Камусьці трэба было выйсьці й паказаць, што калі 48 адсоткаў нашых беларусаў трымаюцца таго меркаваньня, што лепей неяк сябраваць з Расеяй, дык трэба было паказаць, што ёсьць людзі, якія могуць гэта шчыра выказаць, бяз страху. На жаль, мала хто жадае прыйсьці на плошчу Бангалор, бо лічыць гэта месцам выгулу сабак. Па-другое, тая прарасейская апазыцыя, якая існуе ў нашай краіне, вельмі неарганізаваная. Мне здаецца, што адбылося, тое адбылося”.



Напярэдадні расейскі амбасадар у Беларусі не прыняў заяўнікаў акцыі. У парку Дружбы народаў былі заўважаныя толькі прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі.





XS
SM
MD
LG