Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы пра беларуска-расейскае яднаньне


Радыё Свабода Ці магчымае цяпер аб’яднаньне Беларусі й Расеі? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Спадар: “Не, цяпер яны не аб’яднаюцца, бо пасварыліся наконт нафты і газу”.

Сталы спадар: “Ну, я думаю, што аб’яднаньне магчымае, усё-ткі мы столькі жылі разам у адной краіне. Мне здаецца, з часам усё будзе”.

Ягоны сябра: “Я думаю, што калі аб’яднаньне, то ўсё павінна быць на такіх умовах, якія былі б выгадныя абодвум бакам”.

Сталы спадар: “У любы дзень сытуацыя можа зьмяніцца, таму складана прадказаць, што можа быць. Гэта як з надвор’ем: можа зьмяніцца ў адзін бок і ў другі. Так і тут”.

Малады спадар: “Аб’яднаньне было немагчымае ўвогуле. Гэта проста заманка для Расеі з боку кіраўніцтва Беларусі. З такім монстрам аб’яднацца на роўных немагчыма”.

Спадар: “Можна аб’яднацца, але — пяцьдзясят на пяцьдзясят”.

Ягоная жонка: “Ды ня будзе аб’яднаньня, наўрад ці. Я, шчыра кажучы, сумняваюся. Гаворка пра гэтае аб’яднаньне ідзе даўно ўжо, але ўсё па-ранейшаму, таму я сумняваюся — ці будзе гэтае аб’яднаньне ўвогуле”.

Малады спадар: “Я думаю, што аб’яднаньне немагчымае. Аргумэнтаваць я гэтага не магу, але думаю, што маю рацыю”.

Сталы спадар: “Магу сказаць, што аб’яднаньне немагчымае менавіта з эканамічнага гледзішча. Хаця палітычна гэта магчыма. Што ў нас рухавік, як вучыў Ленін? Эканоміка — аснова. Усё”.

Спадар: “Вунь літоўцы жывуць без саюзу, і мы, я думаю, маглі б жыць выдатна. Я, калі шчыра, не за саюз з Расеяй. Людзі жывуць неяк сваімі краінамі, і ўсё нармальна. А мы будзем нейкай правінцыяй. Я гэтага не хацеў бы, калі шчыра”.

Малады спадар: “Я думаю, што ў бліжэйшыя год-два-тры гэтага дакладна не адбудзецца. І пазыцыя Беларусі не спрыяе аб’яднаньню. Кожны ў чымсьці хоча жыць самастойна і штосьці займець ад бліжэйшага суседа, ня даўшы яму нічога наўзамен”.

Малады спадар: “Я думаю, што няма сэнсу зь імі аб’ядноўвацца. Я, канечне, не красамоўны чалавек, але — няма сэнсу”.

Сталы спадар: “Я лічу, што немагчыма, бо гэта не аб’яднаньне, а паглынаньне. Пры любым раскладзе, калі дзьве такія краіны, гэта называецца аб’яднаньнем, але адбываецца паглынаньне”.
XS
SM
MD
LG