Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Клімава абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку


Любоў Лунёва, Менск Менская пракуратура распачала крымінальную справу супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай сталі артыкулы апазыцыянэра, разьмешчаныя на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што крымінальная справа за паклёп на кіраўніка дзяржавы супярэчыць заявам чыноўнікаў пра лібэралізацыю беларускай палітыкі.

На допыце ў крымінальнай справе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку Андрэй Клімаў ня быў. Ягоныя паплечнікі сьцьвярджаюць, што палітыка няма ў Менску.

Пасьля адбыцьця пакараньня на “хіміі” ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну за арганізацыю вулічнай акцыі ў Дзень Волі ў 2005 годзе Клімаў зьехаў у адпачынак.

Андрэй Клімаў зьяўляецца сябрам АГП.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька паведаміў “Свабодзе”, што палітык разьмяшчаў свае матэрыялы на сайце, які робяць прыхільнікі АГП за межамі Беларусі:

“Сайт www.ucpb.org не зьяўляецца інфармацыйным сайтам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго робяць нашы прыхільнікі за межамі Беларусі. У нас да зьместу няма ніякіх прэтэнзіяў. Што тычыцца зьместу, то адказнасьць нясуць гэтыя людзі, але яны знаходзяцца за межамі нашай краіны”.

Супраць Анатоля Лябедзькі пракуратура двойчы распачынала крымінальныя справы за паклёп і абразу Аляксандра Лукашэнкі. Яны дагэтуль ня спыненыя. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

“Гэта абсалютна не стасуецца з заяўкамі, якія гучаць зь Міністэрства замежных справаў, якія вязуць у эўрапейскія сталіцы беларускія чыноўнікі, кажучы, што ў нас мяняецца палітычны клімат, што ён лібэралізуецца. Справа на Клімава, які сам сябе пазыцыянуе як пісьменьнік, то гэта якраз супярэчыць таму, што робіць афіцыйны Менск публічна ва ўзаемаадносінах з Брусэлем”.

Беларусь зьяўляецца лідэрам у колькасьці пакараных грамадзянаў за паклёп і абразу прэзыдэнта.

Раней суды пакаралі за гэта абмежаваньнем волі журналістаў гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку. Пазьней на “хімію” накіравалі й рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча.

Славаміра Адамовіча за верш “Забі прэзыдэнта” пакаралі 10 месяцамі зьняволеньня.

Пракуратура заводзіла крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку супраць Андрэя Клімава. Падставай сталі ягоныя публікацыі.

Палітык Уладзімер Падгол таксама даваў паказаньні ў справе паклёпу за кнігу “Куля для прэзыдэнта”. Доказаў віны сьледчыя не знайшлі й справу спынілі.

Двойчы судзілі праваабаронцу Аксану Новікаву за распаўсюд улётак, у якіх яна вінаваціла Аляксандра Лукашэнку ў крымінальных злачынствах.

Летась суд Ленінскага раёну Менску пакараў 60-гадовую Кацярыну Садоўскую зьняволеньнем на два гады за абразу кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG