Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь аплачвае толькі палову кошту газу?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Валер Карбалевіч: “Хоць цэны на газ сёлета павысіліся ўдвая, Беларусь плаціць за расейскія газавыя пастаўкі толькі 55% — то бок, прыкладна такую суму, як і мінулым годам.

Афіцыйная вэрсія беларускага ўраду такой сытуацыі зводзіцца да наступнага: нашай эканоміцы трэба паўгоду, каб адаптавацца да новых цэнаў на газ. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

Тацяна Манёнак: “З самага пачатку беларускі бок заяўляў, што будзе аплачваць газ толькі грашыма й не згаджаўся на аплату акцыямі “Белтрансгазу”.

Але “Газпрому” больш выгадны менавіта ўзаемазалік, то бок ён хацеў бы акцыі аплачваць газам.

Але цяпер у Беларусі зьявіліся праблемы з грашыма. Летась меркавалася стварыць Фонд нацыянальнага разьвіцьця на 600 мільёнаў даляраў. Але, паводле маіх зьвестак, ён так і не сфармаваны. Нават, калі гэты фонд і будзе запоўнены, то, мне здаецца, урад пакладзе гэтыя грошы ў запас.

Таму цяпер і ўзьнікла праблема з аплатай газу. У беларускага боку ёсьць два варыянты: альбо пагадзіцца на ўзаемазалікі, альбо атрымаць у Расеі крэдыт і гэтым грашыма аплачваць газ”.

Яраслаў Раманчук: “Зьвяртае на сябе ўвагу дзьве акалічнасьці. Па-першае, нізкая якасьць дамоўленасьцяў паміж Беларусьсю і Расеяй. Толькі тры месяцы таму падпісалі газавае пагадненьне, а ўжо столькі праблемаў узьнікла.

Другая акалічнасьць — разгубленасьць беларускіх уладаў. Высьветлілася, што яны дрэнна ўмеюць пралічваць наступствы сваіх рашэньняў і дзеяньняў.

У канцы мінулага году структуры беларускага ўраду падрыхтавалі тры сцэнары магчымых наступстваў ад павышэньня цэнаў на газ. Паводле іх, павышэньне цэнаў да 100 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў не павінна выклікаць значных праблемаў.

І вось цяпер высьвятляецца, што няма грошай, каб плаціць за газ. Гэта дзіўна, бо прафіцыт бюджэту за мінулы год склаў 2,2% валавога ўнутранага прадукту.

Думаю, што “Газпром” ня будзе надта спрачацца, каб не разбурыць усё пагадненьне аб прыватызацыі ім 50% “Белтрансгазу”. Абодва бакі сочаць, каб партнэр не ашукаў іх. Таксама думаю, што расейскі крэдыт павінен вырашыць праблему аплаты газу”.

Карбалевіч: “Сапраўды дзіўна, як хутка ўзьнікла праблема недахопу грошай. Пры тым, што ёсьць і прафіцыт бюджэту, і Фонд нацыянальнага разьвіцьця. Да таго ж большасьць прадпрыемстваў рэгулярна аплачвае “Белтрансгазу” пастаўкі газу — прычым паводле большых тарыфаў, чым тыя, за якія Расея пастаўляе газ. То бок, грошы ў “Белтрансгазу” павінны быць.

Ёсьць і другая вэрсія: Беларусь чакае, пакуль “Газпром” выплаціць 625 мільёнаў даляраў за 12% акцыяў “Белтрансгазу” і зрабіць узаемазалік. Але віцэ-прэм’ер Сямашка ўчора абверг гэтую вэрсію, ён сказаў, што ўся сума грошай “Газпрому” пойдзе ў беларускі бюджэт.

Расейскі экспэрт Андрэй Суздальцаў выказаў вэрсію, што беларускія ўлады сьвядома банкрутуюць “Белтрансгаз”, каб праз чатыры гады, калі 50% ягоных акцыяў пяройдуць “Газпрому”, той стаў поўным банкрутам.

На карысьць гэтай вэрсіі працуе і ліквідацыя гандлёвай унутранай нацэнкі 18 даляраў, якую дасюль Беларускі канцэрн у паліве і газыфікацыі плаціў “Белтрансгазу”. Вось, так бы мовіць, вы хацелі прыватызаваць нашу кампанію, атрымлівайце. Як вам такая вэрсія?”

Манёнак: “Фінансавая сытуацыя ў Беларусі складаная, асабліва з улікам новай сытуацыі з пастаўкамі нафты. Урад шукае крэдыты. Што тычыцца заявы Сямашкі, які адкінуў схему ўзаемазаліку, то думаю, гэтая праблема стане прадметам гандлю.

Ня думаю, што кіраўніцтва Беларусі імкнецца збанкрутаваць “Белтрансгаз”. У адказ на прэтэнзіі з боку “Газпрому” аб ліквідацыі гандлёвай нацэнкі беларускія прадстаўнікі вылучаюць сустрэчную прэтэнзію: чаму “Белтрансгаз” запоўнены толькі напалову ягонай магутнасьці.

Ацэнка ж кампаніі давалася з улікам яе магутнасьці. А “Газпрому” больш выгаднае пракачваньне газу праз свой газапровад Ямал — Эўропа. Прадстаўнік “Газпрому”, які прыехаў у Менск, заявіў, што расейская кампанія будзе выконваць усе дамоўленасьці зь Беларусьсю.

Беларускі ўрад шукае магчымасьці, каб аптымізаваць наступствы павышэньня цэнаў на газ. Адсюль і адмена гандлёвай нацэнкі для Беларускага канцэрну ў паліве і газыфікацыі, таксама шукаюцца магчымасьці для льготаў канцэрну Белэнэрга.

І дарэчы, прадпрыемствы аплацілі за люты дзесьці каля паловы спажыванага газу”.

Раманчук: “Я ня веру ў тое, што ў беларускім урадзе ёсьць такія стратэгі, якія б маглі на 2—3 гады наперад распрацаваць і ажыцьцявіць такую апэрацыю банкруцтва. Для гэтага трэба мець добрае бачаньне будучага. Я ж у дзеяньнях ураду бачу хаос.

Калі разважаць тэарэтычна, то ўрад можа не збанкрутаваць “Белтрансгаз”, бо гэта пагражае непрыемнымі калізіямі, а перавесьці плыні й актывы. Напрыклад, у Беларускі канцэрн паліва і газыфікацыі, альбо стварыць для гэтага новую структуру.

Мэта такой апэрацыі — дэвальваваць кошт “Белтрансгазу” і такім чынам зьнізіць жаданьне “Газпрому” прыватызаваць гэтую беларускую кампанію. Але гэта ня ўдасца.

Але праблема з грашыма для разьліку за расейскі газ існуе. Вось тут казалі пра Фонд нацыянальнага разьвіцьця, у якім ёсьць грошы. Але гэтыя грошы ўжо выдаткоўваюцца на пасяўную кампанію, на будаўніцтва”.

Карбалевіч: “Якая можа быць рэакцыя “Газпрому” на такія дзеяньні беларускіх уладаў? З аднаго боку, расейская кампанія пагадзілася на тое, каб Беларусь плаціла за газавыя пастаўкі толькі 55% кошту.

А зь іншага боку, “Газпром” пратэстуе супраць адмену ў Беларусі ўнутранай гандлёвай нацэнкі на газ. Дык, можа, праблема ў тым, што расейская кампанія ўвогуле ня можа ўплываць на працэсы ў Беларусі?”

Раманчук: “З аднаго боку, “Газпром” будуе газаправод па Балтыйскім моры, каб мець манэўр. А зь іншага боку, ён будзе цярпліва настойваць на выкананьні газавых пагадненьняў зь Беларусьсю.

“Газпром” — важны інструмэнт у стратэгіі Расеі ў дачыненьні Беларусі. Таму ён будзе чакаць, пакуль беларускі бок сасьпее для таго, каб можна было ўстанавіць расейскі кантроль над газатранспартнай сыстэмай”.

Манёнак: “Аб’ектыўна эканамічная сытуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца. Прагматычныя беларуска-расейскія дачыненьні больш выгадныя Маскве. Бо беларуская эканоміка не падрыхтаваная да такіх дачыненьняў.

Думаю, мэнэджары “Газпрому” разумеюць, як моцна Беларусь прывязаная да Расеі, і цягнуць час. Думаю, праз 3—4 гады “Газпром” атрымае кантрольны пакет “Белтрансгазу”.
XS
SM
MD
LG