Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кампраміс у асяродку дэмсілаў – пад пытаньнем


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску пройдзе паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Галоўнае пытаньне – дасягненьне кампрамісу паміж прыхільнікамі Аляксандра Мілінкевіча і прадстаўнікамі шэрагу партыяў у справе правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але ці будзе сёньня дасягнуты гэты кампраміс – у сяброў палітрады пэўнасьці няма.

Частка сяброў Палітычнай рады, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў, БСДП Грамада ды некаторыя іншыя, лічаць, што Кангрэс трэба правесьці 21-22 красавіка. “Праекты дакумэнтаў – і эканамічнай праграмы, і стратэгі – гатовыя. Таму яны будуць вынесеныя на канчатковае ўзгадненьне ўсіх зацікаўленых суб’ектаў, якія ўваходзяць у склад Палітычнай рады. Будзе спроба знайсьці кампраміс у справе правядзеньня Кангрэсу. Да гэтага, а 13-ай гадзіне зьбярэцца пагаджальная камісія, якая таксама прадэманстравала, што няздатная нічога вырашыць. Можа і будуць узгодненыя рашэньні ў справе Кангрэсу. Кангрэс у любым выпадку пройдзе, іншая справа, хто ў ім будзе ўдзельнічаць”, – гаворыць старшыня аргкамітэту па падрыхтоўцы Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандар Бухвостаў

Паводле Аляксандра Бухвостава, пазыцыя Аляксандра Мілінкевіча і яго прыхільнікаў вядзе да расколу. Ім закідаюць патрабаваньне пераабраньня Мілінкевіча на старшыню Палітычнай рады.

Прадстаўнікі каманды Мілінкевіча так ня лічаць. “Кампрамісныя прапановы высунуў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка. І мы цалкам яго падтрымалі. І ёсьць пытаньні да нашых суразмоўцаў, ці здольныя яны падтрымаць прапановы Вінцука Вячоркі. Там былі тры пункты: Сутнасьць Кангрэсу, хто будзе прымаць рашэньні, зьмест Кангэсу і фармат Кангрэсу”, – кажа Віктар Карняенка.

Аляксандар Бухвостаў гаворыць, што калі кампраміс сёньня ня будзе дасягнуты, то Палітычная рада фактычна перастане існаваць. Іншымі словамі, гэта раскол дэмакратычных сілаў.

Віктар жа Карняенка лічыць, што нават калі пазыцыі ўзгадніць сёньня ня ўдасца, расколу трэба пазьбегнуць. Палітрада павінна працягнуць сваю працу і выпрацаваць прымальнае для абодвух бакоў рашэньне.

Гл. таксама

• Аляксандар Казулін пакрытыкаваў Аляксандра Мілінкевіча

• “Да пытаньня кангрэсу можна вярнуцца пасьля “Чарнобыльскага шляху”

• Кангрэс дэмакратычных сілаў: чыньнік яднаньня ці разьяднаньня?
XS
SM
MD
LG