Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Гадавіна прафанацыі..."


Уладзімер Глод, Менск Сёньня адзначаецца Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. 11 гадоў таму Барыс Ельцын ды Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб супольнасьці Беларусі і Расеі. А ў сьнежні 1999 году была падпісаная дамова пра так званую саюзную дзяржаву. Аднак апошнім часам, асабліва пасьля таго, як Расея заявіла пра пераход у дачыненьнях з Беларусьсю на рынкавыя ўмовы, інтэграцыйны запал стаў куды меншым.

11-й гадавіне гэтай падзеі ў Менску прысьвяцілі спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю. На ёй выразна кідаліся ў вочы розныя погляды на гэтую дату Васіля Хрола – дэпутата Палаты прадстаўнікоў і цяперашняга намесьніка Паўла Барадзіна, і Аляксандра Сурыкава – амбасадара Расеі ў Беларусі.
В.Хрол: “Задачы саюзнай дзяржавы пасьпяхова рашаюцца...”
Спадар Хрол з вялікім аптымізмам казаў пра так званую Саюзную дзяржаву, пра тое, як шмат яна дала грамадзянам так званай саюзнай дзяржавы: “Сёньня можна бяз перабольшваньня казаць, што ключавыя задачы саюзнай дзяржавы пасьпяхова рашаюцца. Новая геапалітычная рэальнасьць, якая існуе ў сьвеце, саюзная дзяржава, сфармаваная і дзейнічае. Ажыцьцяўляюцца сумесныя сацыяльныя праекты, якія накіраваныя на падвышэньне якасьці жыцьця грамадзянаў Беларусі і Расеі”.
А.Сурыкаў: “Мы зьяўляемся юрыдычна рознымі дзяржавамі”
А вось расейскі амбасадар Сурыкаў ня выказаў такога аптымізму: “Калі мы дагэтуль не пабудавалі адзінай саюзнай дзяржавы з адзінай эканамічнай прасторай, а зьяўляемся юрыдычна рознымі дзяржавамі, дык цяпер агульная замежная палітыка Расейскай Фэдэрацыі такая: пераход у дачыненьнях з усімі краінамі на рынкавыя ўмовы”.
С.Скрабец: “Лукашэнка сапсаваў дачыненьні паміж нашымі краінамі”
Сёньня ў менскім парку Дружбы народаў апазыцыйныя палітыкі Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў арганізуюць мітынг. Такім чынам былыя дэпутаты хочуць засьведчыць свой пратэст супраць “халоднай вайны”, якую, на іх думку, Аляксандар Лукашэнка, абвесьціў Расеі.

“Мы лічым, што спадар Лукашэнка сапсаваў дачыненьні паміж нашымі краінамі, нашымі народамі. А тое, што яго цяпер не прымаюць у Расеі, вельмі дрэнна адбіваецца на эканамічным становішчы Беларусі”, – гаворыць Сяргей Скрабец.
А.Дабравольскі: “Гэта чарговая гадавіна прафанацыі”
“Я думаю, што да сяброўства беларускага і расейскага народаў гэта сьвята амаль ніякага дачыненьня ня мае, – выказвае сваё меркаваньне сябра палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі. – Гэта фактычна чарговая гадавіна прафанацыі. Былі людзі, якія скарыстоўвалі гэтую рыторыку, каб пацешыць свае амбіцыі ці рэалізаваць уласныя інтарэсы. У мяне гэта асацыюецца з Паўлам Барадзіным, якога Лукашэнка выкупіў за саюзныя грошы з турмы, ці з іншымі падобнымі падзеямі. Я думаю, калі б дачыненьні паміж Беларусьсю і Расею паставіць на больш рацыянальную аснову, дык і людзям было б лепш”.

Гл. таксама

• Чаму абвастраюцца эканамічныя дачыненьні Беларусі й Расеі?

• В.Даўгалёў: “Расея пачала супраць Беларусі інфармацыйную вайну”

• К.Сіманаў: “Падпісаныя з Расеяй пагадненьні трэба пераглядаць”
XS
SM
MD
LG