Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступілі ў дзеяньне новыя правілы гандлю


Міхал Стэльмак, Менск У чым сутнасьць новаўвядзеньняў? Што думаюць пра іх прадпрымальнікі?

Я знаходжуся на рынку Ждановічы пад Менскам. У адным зь яго куткоў месьцяцца прадпрымальніцкія шапікі, дзе гандлююць імпартнай бытавой тэхнікай – тэлевізарамі, пральнымі машынамі. Бізнэсоўцы Ўладзімер ды Анатоль дзеляцца сьвежымі навінамі.

Уладзімер: “Робіцца ўсё горш і горш. Тэлевізарамі практычна не гандлюем”.

Анатоль: “Зьмянілася ў горшы бок. Крамы зачынены”.

Уладзімер: “на сёньняшні дзень, гэта закранула тых, хто хоча набыць тэлевізар, хоча купіць нейкую кампутарную дэтальку. З часам гэта закране і іншых. Апроч гэтага, пральныя машыны, халадзільнікі. Усё гэта патрапіла пад гэты артыкул. Вось бачыце – зачынены. І гэты зачынены”.

Анатоль: “Навокал людзі зачыняюцца, яны не ведаюць, як далей працаваць”.

Тры месяцы таму Аляксандр Лукашэнка выдаў указ №760, які ўнёс зьмены ў дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў, што гандлююць некаторымі імпартнымі таварамі, у прыватнасьці, футрам, складанай бытавой тэхнікай, кампутарамі. Гэтыя зьмены ўступілі ў дзеяньне 1 красавіка. У чым сутнасьць новаўвядзеньняў? Гэтае пытаньне задаю прадпрымальніку Віктару.

Віктар: “Скасоўваецца адзіны падатак і ўводзіцца падатак з продажу. Вось гэта я ведаю”.

Карэспандэнт: “Як гэта мяняе працу прадпрымальнікаў?”

Віктар: “Умовы пагаршаюцца, бо адзіны падатак – гэта калі адзін раз аддаеш дзяржаве частку прыбытку. Астатняе, гэта прадпрымальніцкі заробак”.

Паводле бізнэсоўца Ўладзімера, цяпер дробныя прадпрымальнікі мусяць плаціць падаткі як і буйныя фірмы: “Сытуацыя простая. Гандляры тэлевізараў, пральных машын павінны перайсьці з адзінага падатку на падаходны. І на тыя машыны, што прадаюцца з 10-працэнтным прыбыткам, трэба заплаціць падатак на даданую вартасьць 18 працэнтаў, 10 працэнтаў падаходнага падатку і яшчэ 10 працэнтаў падатку з продажу. Усяго каля 40 працэнтаў”.

Карэспандэнт: “Вас асабіста гэта неяк закране?”

Уладзімер: “Яшчэ як! Мы знаходзімся ва ўмовах як, напрыклад, унівэрмагі ЦУМ і ГУМ. Між тым, гэта розныя суб’екты. А нас паставілі ў адзін шэраг. Натуральна, мы ня можам скласьці канкурэнцыю ні ЦУМу, ні ГУМу, ні нашаму ўраду. Нас душаць і душаць. І хутка яны перамогуць. У нас пакуль у краіне перамагаюць улады”.

Адначасова 1 красавіка, уступілі ў дзеяньне й нормы прэзыдэнцкага дэкрэту №20, якія тычыцца зьменаў у гандлі парфумай, рэчываў, што ўтрымліваюць сьпірт.

“Наагул забараняюць гандляваць парфумай, рэчывамі, якія ўтрымліваюць сьпірт. Гэта няправільна. Бо ў шапіку вельмі шмат тавараў, якія ўтрымліваюць сьпірт. Асьвяжальнікі паветра, дэзадаранты, рэчывы для мыцьця шкла. А калі гэта ўсё ўбраць, то прадаваць не будзе чаго”, – кажа прадпрымальніца Галіна.

Гл. таксама

• Перад падаражаньнем з крамаў разьмятаюць імпартную тэхніку

• “Беларусь трымае эўрапейскі рэкорд у складанасьцях для прадпрымальнікаў”
XS
SM
MD
LG