Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анонс падзеяў тыдня 2-8 красавіка


Падрыхтавала Юлія Шарова ***

2 красавіка адбудзецца паседжаньне пагаджальнай камісіі, створанай для таго, каб спрэчныя бакі дасягнулі паразуменьня перад кангрэсам дэмакратычных сілаў у тым, што датычыць аб’ёму паўнамоцтваў будучых каардынацыйных структураў і паасобных лідэраў.

“Маю намер прапанаваць сканцэнтравацца ў красавіку на падрыхтоўцы масавых акцыяў, бо Дзень незалежнасьці 25 сакавіка засьведчыў, што вулічны патэнцыял, дэманстрацыйны патэнцыял у грамадзтве ёсьць”, – паведаміў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

***

3 красавіка ў Палацы мастацтваў на вуліцы Казлова ў Менску зноў адчыніцца выстава творчай суполкі “Пагоня”.

“Пасьля доўгага перапынку нарэшце “Пагоня” можа паказаць свае творы жывапісу, графікі, скульптуры ў Палацы мастацтваў. Ужо амаль шэсьць год мы ня мелі магчымасьці традыцыйна, як гэта было раней, на 25 сакавіка паказаць свае творы і гэткім чынам адзначыць вялікае сьвята – Дзень волі”, –кажа кіраўнік суполкі Аляксей Марачкін.

***

5 красавіка ў Магілёве прадстаўнікі партыі “Надзея”, Партыі працы і незалежных прафсаюзаў працягнуць судзіцца з супрацоўнікамі мясцовай дзяржаўтаінспэкцыі. Прадстаўнікі магілёўскай апазыцыі лічаць, што супрацоўнікі ДАІ спрабавалі сарваць іхны візыт на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі, якая адбывалася ў Чарнігаве 17 сьнежня 2006 году. Іх зьнялі з маршрутнай таксоўкі й прымусілі вярнуцца ў Магілёў.

“Мы падалі скаргу ў суд на дзеяньні работнікаў ДАІ. Яны цяпер адмаўляюць, што гэта было. Мы будзем дапытваць сваіх сьведкаў, якія гэта бачылі, і работнікаў ДАІ. Апроч таго, мы маем дыктафонны запіс усяго, што адбывалася”, – распавёў юрыст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў:

***

6 красавіка вёска Моладава, што ў Іванаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, адзначае пяцігодзьдзе атрыманьня ўласнага гербу. Адмысловы герб Моладава быў прыняты на сэсіі сельскага савету й нават зацьверджаны нацыянальным цэнтрам архіваў.

“Ён уяўляе сабой такі чатырохпалосны шчыт, у сярэдзіне якога зьмяшчаецца выява з трох галінак дуба, якія сымбалізуюць тры галіны старажытнага старажытнага роду Скірмунтаў – пінскую, моладаўскую й парэцкую”, – расказаў журналіст газэты “Брестский курьер» Зьміцер Паталятаў:

***

8 красавіка сёлета хрысьціянскія вернікі адзначаюць сваё найвялікшае сьвята – Вялікдзень.

Пра значэньне гэтага дня апавядае сьвятар менскага Петрапаўлаўскага сабору айцец Юры Залозка: “Пасха – гэта норма ў жыцьці царквы. І кожная імша, кожнае хрышчэньне, асьвячэньне зьвязанае ў рознай ступені з гэтай падзеяй, з уваскрэсеньнем Госпада. Вынік гэтай падзеі – гэта дабрыня Божая, дадзеная царкве Хрыстовай. Мы радуемся, як дзеці гэтай царквы, Божай літасьці”.
XS
SM
MD
LG