Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багдан Арлоў: “Я веру ў сваіх сяброў”


Радыё Свабода Багдан Арлоў – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Я часта ня веру ў сябе. Але я веру ў іх – яны вакол мяне і зь імі я праводжу амаль кожны дзень. Я веру ў сваіх сяброў.

Моцнага целаскладу хлопец з інтэлігентным выразам твару і вучонай ступеньню верыць у сілу рэлігіі. Хрышчаны ў каталіцтве, ён нядаўна прызнаўся мне, што перад абаронай доктарскай маліўся штовечар на працягу трох тыдняў. Выдае на блюзьнерства, але ўзгадваю, калі апошні раз маліўся я сам, і разумею, што й сапраўды мой сябар верыць. І веру я.

Знаёмая русявая журналістка верыць у тое, што я заўсёды буду радавацца ейным тэлефанаваньням і з ахвотай пагаджацца на сустрэчу. Я заўсёды ім радаваўся і амаль адразу ж пагаджаўся. І веру, што так будзе і надалей.

Невысокі таўсматы аднакашнік верыць у далёкую краіну з гарачым летам і начнымі пагулянкамі. Ён марыць трапіць туды, ажаніцца з прыгожай іншаземкай і выхаваць сваіх дзяцей паліглётамі. І каб сярод моваў, на якіх яны будуць шпарка размаўляць, была (хай сабе і не яго родная) беларуская. І я веру ў гэта.

Калега, які носіць шыкоўную чорную бараду і любіць апавядаць байкі пра сваё прыдуманае мінулае на Кубе, марыць стаць капітанам, хаця й носіць у кішэні вайсковы білет, дзе запісана, што ў войску яго ня надта чакаюць. Але ў Гавану ён зьезьдзіць – я чамусьці веру.

Стройная суседка, якая жыве за мяжою, верыць у тое, што зможа вярнуцца на нашу вуліцу, не зрабіўшы балюча свайму цяперашняму мужу, які ніколі ня бачыў беларускага сьнегу і ня быў на гары Дзяржынскай, затое добра памятае сланоў і Кіліманджара. І я таксама ў гэта веру.

Снабаваты з выгляду малец з андрагіннымі паводзінамі марыць пра ціхае сямейнае шчасьце з катом, кітайскімі лямпамі і ласкавай жонкай. Ён сам будзе варыць ёй каву зраніцы, мазаць лусьцікі на працу і смажыць вячэру. А за вакном будзе дождж і будуць прыходзіць госьці. Веру.

Сымпатычная дзяўчына, якую я нядаўна падвёз на машыне, верыць у тое, што шэф на працы перастане крычаць благім матам праз кожны рух па-за яго кантролем і дасьць ёй свабоду дзеяньня, якая, урэшце, і прывядзе фірму да дабрабыту і істотных прыбыткаў. Я веру.

Мой колішні сусед па крэсьле на стадыёне “Дынама” (нам тады было дзесьці па 17 – ня болей), апавядае пра тое, што вернецца на родную арэну і разам са мною яшчэ крыкне “Гоооооол!”, а пасьля ў перапынку матча мы пад’ямо дарагіх страўніку тутэйшага футбольнага заўзятара хычынаў – гэткіх адмысловых азэрбайджанскіх аладак. Тэлефонны сыгнал з-за вялікай адлегласьці перарываецца. Але я веру.

Мая чарнабровая сяброўка, зь якой мы размаўляем штодня, але абняць мяне ёй удаецца толькі раз на паўгода, верыць у чысьціню і справядлівасьць маіх думак – яна верыць у мяне. І я пастараюся. Бо таксама, што б вы там ні падумалі, веру.

* * *

Багдан Арлоў – дваццацічатырохгадовы супрацоўнік менскай рэклямнай агенцыі. Любіць маленькія бары арагонскага горада Уэска, пляжы басконскага Сан-Себасьцьяну, паўночна-беларускія азёры, гуляць у футбол па нядзелях і з панядзелка па пятніцу раней за ўсіх прыходзіць на працу.
XS
SM
MD
LG