Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Дашкевіча перавялі на лесапільны ўчастак


Алег Грузьдзіловіч, Менск Хто параіў перавесьці Зьмітра Дашкевіча на больш цяжкую працу? Адвакат Аляксандра Казуліна занепакоены станам ягонага здароўя. Як правёў 25 сакавіка маладзёвы лідэр Павал Севярынец? Актывіст Артур Фінькевіч лічыць беспэрспэктыўнымі рэпрэсіі супраць “Маладога фронту”.

“Чэкісты прачыталі ў інтэрнэце, што яму там дужа вольна жывецца”

Зьміцер Дашкевіч пераведзены ў другі атрад і накіраваны працаваць на лесапільны ўчастак. Пра гэта бацькі актывіста даведаліся зь ягоных апошніх лістоў дамоў. Маці Дашкевіча Вольга занепакоена станам здароўя сына, паколькі цяжкія працы юнаку забаранілі дактары. Бацька актывіста Вячаслаў Дашкевіч зьвяртае ўвагу на тое, хто ініцыяваў перавод сына ў іншы атрад.

“Быццам бы чэкісты прачыталі ў інтэрнэце, што яму там дужа вольна жывецца і загадалі адміністрацыі калёніі, каб яго перавялі на самую цяжкую працу, і яго перавялі. Нейкія бярвеньні адкатваць ці перакатваць, ня ведаю. І яшчэ піша, што ўсіх, хто яго падтрымлівае, а такіх там нямала, у ізалятар садзяць”.

Нагадаю, Зьміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, ён адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. За час знаходжаньня ў турме на лідэра “Маладога фронту” наклалі чатыры дысцыплінарных пакараньні, што зьменьшыла ягоныя шанцы на датэрміновае вызваленьне праз амністыю.

“Пасадзяць пяць чалавек, а на іх месцы прыйдуць 300”

Другі актывіст “Маладога фронту”, Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, на просьбу “Свабоды” пракамэнтаваў тое, што яшчэ пяцёх актывістаў абвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі (ім цяпер таксама пагражае турма):

А.Фінькевіч: "Відавочна, што машына рэпрэсій працуе далей. Яна была запушчаная раней і ня спыніцца".
“Відавочна, што ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма, што Лукашэнка не ідзе ні на якія саступкі Захаду. Відавочна, што машына рэпрэсій працуе далей. Яна была запушчаная раней і ня спыніцца. Будуць судзіць маладафронтаўцаў і думаюць, што гэтым спыняць “Малады фронт”, але ў іх нічога не атрымаецца. Бо пасадзяць пяць чалавек, а на іх месцы прыйдуць 300. Вы ж гэта разумееце”.

Былы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец, які адбывае два гады “хіміі” ў Полацкім раёне на лесанарыхтоўках, правёў 25 сакавіка ў мясцовай спэцкамендатуры пад наглядам міліцыянтаў. Пра гэта паведаміў бацька актывіста Кастусь Севярынец.

“Ну як ён? Перасядзеў. Хваляваўся за хлопцаў. Былі зь ім два міліцыянты, сядзелі зь ім, як звычайна. А ён хваляваўся за ўсіх астатніх”.

За месяц выхаду з галадоўкі Казулін вагі не набраў

Сваякі праваабаронцы Кацярыны Садоўскай, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі, ужо 10 дзён не атрымлівалі ад яе лістоў. У апошнім лісьце жанчына паведаміла пра тое, як караюць у калёніі тых, хто паводле адміністрацыі парушыў дысцыпліну. Сваякі Садоўскай непакояцца, ці ня мела для яе гэта непажаданыя наступствы.

30 сакавіка адвакат Ігар Рынкевіч наведаў у віцебскай калёніі свайго падабароннага, былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Адвакат непакоіцца, што за месяц знаходжаньня Казуліна на адмысловым рэжыме харчаваньня дзеля выхаду з галадоўкі палітык фактычна не набраў вагі і выглядае дрэнна.

“У гэтай сувязі як адвакат я папрасіў адміністрацыю пры чарговым вырашэньні пытаньня пра рэжым харчаваньня дазволіць Казуліну прымаць перадачы ад сваякоў”.
XS
SM
MD
LG