Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 24.03.2007 – 30.03.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Разумееце, ёсьць пэўны парог, за якім усялякі страх зьнікае. Ну, а запомніў я , як рукі дрыжэлі ў старэйшага лейтэнанта Харашкевіча, калі ён позву да мяне прывозіў...”

Максім Буйніцкі, моладзевы актывіст з Бабруйску

“Я перамог, і гэтага мне ня могуць дараваць”.

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ – у перадачы “Начная Свабода”.

"Цалкам магчымы сцэнар – з аднаго боку, мяккага ўлучэньня ўсіх апазыцыйных сымбаляў і сьвятаў, а з другога боку – нэўтралізацыі іх такім спосабам".

Ігар Бабкоў, філёзаф – пра палітыку ўлады ў перадачы “Праскі акцэнт”.

“Сёньня беларусы сьвяткуюць Дзень Волі. Мы думаем пра іх і кажам: Эўропа на вашым баку!”

Ангела Мэркель, канцлерка Нямеччыны – у прамове, прысьвечанай 50 годзьдзю стварэньня Эўрапейскага зьвязу.

“Ня надта добра з намі сябе паводзілі. Лаяліся матам, зьневажальна да нас ставіліся, казалі: "Чаго вы прыехалі? Вам ва Ўкраіне ўласнага сала не хапае?"

Наста Жыўкова, моладзевая актывістка з Украіны – пра ўмовы яе затрыманьня 25 сакавіка падчас акцыі апазыцыі.

“Сёньня гэта можа быць Іран, заўтра гэта можа быць Беларусь, Вэнэсуэла ці любы іншы, каго яны ня любяць”.

Уга Чавэс, прэзыдэнт Вэнэсуэлы – з тэлезвароту, у якім ён заклікаў не дапусьціць нападу Злучаных Штатаў на Іран.

“Я ляжала прывязанай. Мяне пастаянна калолі. Калолі наркотык. Мяне папярэдзілі, што я нацыянальны герой і мушу выбіраць — сядзець дома, альбо мяне заб’юць”.

“Мяне занесьлі ў аддзяленьне, прывязалі да ложка і тут жа пачалі калоць псыхатропныя прэпараты. Ведаю, што калолі сэбазон. Яны тлумачылі, што гэта супакойвальнае. Калі мне стала зусім дрэнна з сэрцам, далі валідол”.

“Што за лекі? Калі ў цябе перад вачыма крывавыя плямы, і ты ўся мокрая, і няма чым дыхаць, то на супакойвальнае гэта не падобна. Прывязаная, я перакуліла ложак. Мне сказалі, што калі я буду баламуціць палату, то мне паставяць кляп”.

Крысьціна Шацікава, моладзевая актывістка – пра яе ўтрыманьне ў псыхіятрычным шпіталі.

“Яна распытвала пра тое, чаму дачка ўзялася за гэтую справу. Я запыталася — яна ж нармальная? Яна ж была нармальная? Яны адказалі, што так, яна нармальная, проста яна такая асоба”.

Сьвятлана Шацікава, маці Крысьціны Шацікавай – пра сваю размову з доктарам псыхіятрычнага шпіталю.

“Кожны чалавек на Дзень Незалежнасьці атрымаў магчымасьць адсьвяткаваць яго так, як ён хацеў. Хто хацеў патузацца зь міліцыяй, патузаўся, хто хацеў мірнага шэсьця — атрымаў, хто хацеў мітынгу — атрымаў, хто хацеў разам з уладай сьвяткаваць — атрымаў. Сьвята па поўнай праграме”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ, адзін з арганізатараў Дня Волі – пра падзеі 25 сакавіка.

“Ёсьць у нас казлы-правакатары — можаце даць гэтую фразу — якіх проста хлебам, травой не кармі, а дай магчымасьць панагнятаць абстаноўку ў краіне. У прэзыдэнта дастаткова шчыльны, напружаны графік, у яго практычна не бывае выходных. Ён сустракаецца з чыноўнікамі — і неабавязкова тут, на Карла Маркса, 38, і неабавязкова пад прыцэлам тэлекамэр”.

Павал Лёгкі, прэсавы сакаратар прэзыдэнта Беларусі – пра чуткі вакол стану здароўя Аляксандра Лукашэнкі.

“Плошча можа сьпіхнуць дрэнны ўрад, але не можа старыць нічога новага, канструктыўнага”.

“А ў адносінах з Расеяй Лукашэнка відавочна бароніць сувэрэнітэт Беларусі. Я не хачу абмяркоўваць ягоныя матывы. Вельмі часта гавораць, што ён бароніць сябе. Дык і я бараню сябе, калі адстойваю незалежнасьць Беларусі. Я бараню сваіх сыноў і ўнукаў, каторыя ў супрацьлеглым варыянце могуць стаць, скажам так, "героямі вайны на Паўночным Каўказе”.

Юры Хадыка, намесьнік старшыні партыі БНФ – у перадачы “Начная свабода”.

“Усе амбасады робяць вечары і рэпрэзэнтуюць культуру сваёй краіны — Турэччына, Ізраіль, Францыя. Калі мы зьвярталіся ў расейскую амбасаду, яны казалі, што “ў нас усё ў парадку з нашай культурай у вашай краіне”. Вы слухаеце штодня Чайкоўскага — і заўсёды будзеце яго слухаць, і чытаеце Пушкіна з маленства — і заўсёды будзеце яго чытаць. Нам на гэта грошай траціць ня трэба”.

Валеры Ўколаў, арт-дырэктар прадусарскага цэнтру “Клясыка”.

“Краіну мы ім не аддамо, вось тут па-расейску кажучы, мы па мордзе надаём таму, хто адважыцца згарнуць той працэс, які ідзе ў краіне. Сіла мая і сіла ўлады ў тым, што я не трымаюся апантана за гэтую ўладу, але я не зьбіраюся заўтра камусьці дарыць гэтую ўладу. Бо ўлада толькі тады чагосьці вартая, калі яна ўмее абараняцца, як казаў дзядуля Ленін”.

“Вы бачылі, як гэтыя шалудзівыя людзі, найгоршыя людзі нашага грамадзтва, напярэдадні 25 Сакавіка пісалі мне пісьмы і прапаноўвалі штосьці там правесьці разам. Мы аддалі ім найлепшыя пляцоўкі. І яны што, прыйшлі? Замест таго, каб прыйсьці і правесьці арганізаваную акцыю, паўтары дзьве тысячы, гэты баявы атрад, пачаў расхажваць па горадзе”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

“Сьледчы спадар Грахоўскі ўсё напяваў мне песьню “Я нарадзіўся тут” і пра тое, што “квіток ў адзін бок — гэта шанец для тых, хто ня згодны”. На гэта я згадаў яму радок, што “я нарадзіўся тут і застануся жыць тут”.

Зьміцер Хведарук, моладзевы актывіст – аб допыце ў КДБ у справе “Маладога Фронту”.

“Калі міліцыянты даведаліся, у чым мяне вінавацяць, то стаўленьне да мяне адразу зьмянілася. Яны абураліся й жартавалі, запытвалі — як гэта можна за мультыкі чалавека абвяшчаць у вышук. Толькі дзякуючы таму, што справа палітычная, міліцыянты мяне й ня выдалі, я на свабодзе, але мог быць і іншы варыянт”.

Андрэй Абозаў, актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”,фігурант у крымінальнай справе за сатырычныя мультфільмы палітычнага зьместу ў інтэрнэце – пра яго затрыманьне з Расеі.

“Улада задушыла апазыцыю ў сваіх абдымках”.

“З такімі дзеяньнямі мяне і іншых вязьняў проста згнаяць у турме”.

Алякасандар Казулін, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” – пра акцыю 25 сакавіка (паводле яго адваката Ігара Рынкевіча).

“Наагул, кангрэс гатовы. Практычна мы падрыхтавалі ўсе дакумэнты – палітычны дакумэнт, эканамічную праграму і стратэгію дзейнасьці аб’яднаных дэмсілаў. А цяпер толькі засталося знайсьці аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, дзе яны? Няма аб’яднаных дэмсілаў”.

Аляксандар Бухвостаў, сябра аргкамітэту кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

“Не разумею, што за псыхалёгія ў людзей, якія пішуць такое. Увогуле, зьяўляецца наступная ідэя. Давайце напішам экс-прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану. Няхай ён нам дапаможа аплаціць ахову знаку “Ад амэрыканскага народу”, які ён усталяваў. Іншага выйсьця мы ня бачым”.

Уладзімер Раманоўскі, сакратар аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій – пра адказ Менскага абласнога дэпартамэнту аховы, у якім аргкамітэту прапаноўваецца аплаціць ахову мэмарыялу Курапаты.
XS
SM
MD
LG