Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Загіблыя пілёты перавезеныя ў морг шпіталю хуткай дапамогі


Ігар Карней, Нацыянальны аэрапорт “Менск-2” А 18-й гадзіне ў Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” прызямліўся самалёт Ан-12 прадпрыемства “Гомельавія”. На борце знаходзіліся 10 тэхнікаў авіякампаніі “Трансавіяэкспарт”, а таксама 11 пілётаў і авіяспэцыялістаў, загіблых у выніку абстрэлу 23 сакавіка ў Самалі самалёту Іл-76, які ўжо браў курс на Менск.

Нікога са сваякоў падчас прылёту самалёту ў аэрапорце “Менск-2” не было. Толькі невялікая група маладых людзей, як потым высьветлілася, прыехала збольшага рытуальна сустрэць свайго загіблага сябра, 23-гадовага авіятэхніка Арцёма Сычугова.

Фотакарэспандэнтам дазволілі толькі зьняць момант пасадкі АН-12. Астатнія працэдуры дагляду і разгрузкі самалёту былі схаваныя ад камэраў.

Цягам некалькіх гадзінаў журналісты безвынікова спрабавалі высьветліць, што адбываецца за агароджай, над якой узвышаўся хвост АН-12. І толькі каля 19.30 хтосьці з сяброў Арцёма Сычугова заўважыў рух зусім ня ў тым баку, дзе супрацоўнікі лётнішча сказалі стаяць журналістам у чаканьні нейкіх зьвестак. Ужо ў прыцемках з тэрыторыі лётнішча выехала калёна з чатырох крытых фургонаў, якія везьлі труны з парэшткамі загіблых. У суправаджэньні аўтамабіляў Дзяржаўтаінспэкцыі калёна рушыла ў бок Менска. У гэты ж час машыны, на якіх прыехалі карэспандэнты, былі заблякаваныя супрацоўнікамі ДАІ. Толькі праз паўгадзіны, калі калёна зьнікла з зоны бачнасьці, быў дазволены рух па дарозе.

Спробы высьветліць, куды ўрэшце рушыла калёна, завершылася плёнам бліжэй да 21.00. Чатыры машыны з трунамі спыніліся ля моргу шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі на вуліцы Кіжаватава.

Як яшчэ ўдзень паведамілі ў кампаніі “Трансавіяэкспарт”, цягам суботы і нядзелі адбудзецца судмэдэкспэртыза загіблых. Разьвітаньне з імі й пахаваньне экіпажу зьбітага Іл-76 пройдзе ў панядзелак ці аўторак.

На здымку: на борце АН-12 -- жывыя і мёртвыя (фота аўтара)
XS
SM
MD
LG