Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: праваабаронцаў высяляюць з арандаваных памяшканьняў


Радыё Свабода Магілёўскі праваабарончы цэнтар і Магілёўскае прадстаўніцтва Беларускага Хэльсынскага Камітэту павінны тэрмінова пакінуць арэндаванае памяшканьне. Гэтага запатрабавала ўправа маёмасьці Магілёўскага гарвыканкаму.

Згоды няма, юрыдычны адрас ёсьць

Управа маёмасьці гарвыканкаму абвінаваціла праваабарончыя арганізацыі ў парушэньні дамовы на арэнду. Паводле арэндадаўцы, арандатары бязь ягонай згоды здалі адно з памяшканьняў дабрачыннай арганізацыі “Водгук”.

Праваабаронцы называюць гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі. Старшыня ўправы Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыс Бухель кажа, што неабходны дазвол на субарэнду ёсьць. Бяз гэтага дазволу дабрачынная арганізацыя “Водгук” не атрымала б у памяшканьні юрыдычнага адрасу, зазначае спадар Бухель.

“Яны шукаюць любыя нагоды і магчымасьці, каб нас закрыць”

Згодна зь бестэрміновай дамовай Магілёўскі праваабарончы цэнтар і прадстаўніцтва БХК арандуюць памяшканьні больш за шэсьць гадоў. Апошнія два гады ад праваабарончых арганізацыяў улады патрабуюць перазаключыць бестэрміновую дамову на тэрміновую – на адзін год. Праваабаронцы на гэта не згаджаюцца. Яны перакананыя, што па сканчэньні дзеяньня дамовы іх адразу ж высяляць з памяшканьня.

Гаворыць старшыня ўправы Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыс Бухель:

“Магілёўскі праваабарончы цэнтар і БХК у Магілёве шмат год вядуць праваабарончую дзейнасьць, і гэта ўладам гораду дужа не падабаецца. Яны шукаюць любыя нагоды і магчымасьці, каб нас закрыць. МПЦ накіраваў ліст на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры з патрабаваньнем заабавязаць арэндадаўцу адклікаць сваё паведамленьне пра скасаваньне дамовы як незаконнае і неабгрунтаванае”.

Ва ўправе маёмасьці адмовіліся камэнтаваць сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG